«Мы не імкнёмся да эскаляцыі, але будзем працягваць падтрымліваць абарону Ізраіля і абараняць наш пэрсанал у рэгіёне», — заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у пачатку сустрэчы з намесьнікам прэм’ер-міністра Іраку Махамадам Алі Тамімам, піша «Голас Амэрыкі».
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падкрэсьліў на выходных у размове з Нэтаньягу, што «Злучаныя Штаты, якія дапамаглі Ізраілю» стрымаць іранскую атаку, «ня будуць удзельнічаць у ізраільскім контарудары».
У панядзелак прадстаўнік Белага дома ў нацыянальнай бясьпецы Джон Кірбі заявіў на брыфінгу:
«Мы не жадаем бачыць вайну з Іранам. Мы не жадаем бачыць рэгіянальны канфлікт», дадаўшы, што менавіта Ізраіль павінен вырашыць, «ці адказваць наагул і як яны будуць рэагаваць».
Кірбі адзначыў, што Іран «не папярэдзіў Злучаныя Штаты аб тэрмінах і мэтах атакі загадзя», назваўшы паведамленьні аб тым, што Тэгеран зрабіў гэта, «абсалютна лжывымі».
«Мы знаходзімся на краі абрыву, і нам трэба ад яго адысьці», — сказаў у інтэрвію гішпанскай радыёстанцыі Onda Cero кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Эўразьвязу Жузэп Бурэль.
«Мы павінны націснуць на тармазы і ўключыць задні ход», — дадаў ён.
З аналягічнымі заклікамі выступілі прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц і міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Дэвід Кемэран. Вашынгтон і генэральны сакратар Арганізацыі Абʼяднаных Нацый Антонію Гутэрыш таксама заклікалі да стрыманасьці.
Расея ўстрымліваецца ад публічнай крытыкі свайго хаўрусьніка Ірану, але таксама заклікае да стрыманасьці.
«Вялікая сямёрка» вядучых прамыслова разьвітых краін «безумоўна» асудзіла атаку Ірану на Ізраіль пасьля перамоваў у нядзелю.
Прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Рышы Сунак заявіў у панядзелак, што «сямёрка» працуе над пакетам скаардынаваных мер супраць Ірану пасьля суботняй атакі Тэгерана на Ізраіль.
«Мы працуем з нашымі саюзьнікамі, каб зразумець, якія крокі мы можам зрабіць разам і скаардынавана, каб стрымаць і асудзіць дзеяньні Ірану», — заявіў Сунак у парлямэнце, спасылаючыся на дыскусіі лідэраў «Вялікай сямёркі» на выходных.
У той час, як у адрас Ізраілю гучыць усё больш заклікаў да стрыманасьці, генэралы ЦАХАЛу гатовы адрэагаваць на атаку Тэгерана.
У панядзелак «другі раз менш як за 24 гадзіны» Нэтаньягу склікаў свой «вайсковы кабінэт», каб «абʼявіць аб адказе на ракетную і бесьпілётную атаку Ірану», ажыцьцёўленую ў мінулыя выходныя, паведаміла крыніца ва ўрадзе Ізраілю.
Вайна паміж Ізраілем і ХАМАС, якая пачалася 7 кастрычніка, суправаджалася сутыкненьнямі паміж Ізраілем і падкантрольным Ірану сілам у Лібане, Сырыі, Емэне і Іраку.
Ізраіль паведаміў, што чацьвёра яго салдатаў былі параненыя на лібанскай тэрыторыі за некалькі сотняў мэтраў ад мяжы падчас начной перастрэлкі з лібанскай узброенай групоўкай «Хезбала».
Начальнік штаба Арміі абароны Ізраілю Герцы Халеві сказаў, што «краіна адкажа» на ўдар Тэгерана. Ён ня даў ніякіх падрабязнасьцяў.
«Рэакцыя ў адказ на запуск такой вялікай колькасьці кіраваных і крылатых ракет, а таксама бесьпілётнікаў па ізраільскай тэрыторыі будзе», — заявіў ён на авіябазе Нэватым на поўдні Ізраіля, якая ў суботу ўвечары ў выніку нападу атрымала некаторыя пашкоджаньні.
Пэрспэктыва адплаты Ізраіля ўстрывожыла многіх іранцаў, якія і так адчуваюць пасьля пратэстаў 2022–2023 гадоў эканамічныя праблемы і ўзмацненьне жорсткасьці сацыяльнага і палітычнага кантролю.
Іран зьдзейсьніў атаку ў адплату за, паводле яго слоў, «ізраільскі авіяўдар па яго пасольстве ў Дамаску 1 красавіка» і даў зразумець, што «не імкнецца да далейшай эскаляцыі».