Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі алігарх павялічыў сваё IT-прадстаўніцтва ў Беларусі. Сталі вядомыя дэталі


Бізнэс-цэнтар, у якім будзе працаваць ІТ-бізнэс расейскага алігарха. Архіўнае фота
Бізнэс-цэнтар, у якім будзе працаваць ІТ-бізнэс расейскага алігарха. Архіўнае фота

Кампанія падпісала дамову аб арэндзе 10 тысяч квадратных мэтраў у бізнэс-цэнтры на праспэкце Незалежнасьці, які пачынаў будавацца як гатэль Kempinski.

Кампанія «Эліт Эстэйт», беларуская «дачка» расейскай групы «Сбер», што з 2017 году валодае офісным комплексам каля Беларускага дзяржаўнага цырку, падпісала дамову аб перадачы ў доўгатэрміновую арэнду памяшканьняў расейскай фінансавай групе Tinkoff.

Як паведаміла расейскае выданьне «Ведомости», Tinkoff плянуе разьмясьціць у гэтым офісе свой ІТ-хаб у Менску.

Паводле зьвестак выданьня, кампанія будзе арэндаваць 10 тысяч квадратных мэтраў у бізнэс-цэнтры на праспэкце Незалежнасьці.

Агульная плошча гэтага аб’екта складае 80 тысяч квадратных мэтраў. Яго пачынаў будаваць холдынг «Трайпл» да менскага чэмпіянату сьвету ў хакеі 2014 году як будынак пад гатэль Kempinski. Аднак будоўля зацягнулася і ў 2017 годзе незавершаны аб’ект перайшоў аднаму з крэдытораў «Трайпла» — групе «Сбер» — у выглядзе пагашэньня крэдытнай запазычанасьці. Будаўніцтва завяршылі, але будынак перапрафілявалі пад бізнэс-цэнтар.

Асноўным пакетам групы Tinkoff валодае група «Интеррос» Уладзіміра Патаніна, які працаваў віцэ-прэм’ерам пры прэзыдэнту Барысу Ельцыну. Кампанія адкрыла сваё IT-прадстаўніцтва ў Беларусі ў канцы 2021 году. Да падпісаньня гэтай дамовы падразьдзел разьмяшчаўся на ўскраіне Менску.

Цяпер штат «Tinkoff Цэнтар распрацоўкі» складае 600 чалавек. Кампанія ўваходзіць у Парк высокіх тэхналёгій. У канцы 2023 году Tinkoff адкрыў свой офіс у Берасьці. Група пляную павялічыць сваё ІТ-прадстаўніцтва да 2 тысяч чалавек.

Групу Tinkoff стварыў расейскі прадпрымальнік Алег Цінькоў. У 2021 годзе ён прадаў свае расейскія актывы, а ў лютым 2022 году асудзіў ваеннае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. У студзені 2024 году Міністэрства юстыцыі Расеі абвясьціла яго іншаземным агентам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG