Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Спарыш скардзіцца, што застаўся без мэдыцынскай дапамогі


Сяргей Спарыш. Архіўнае фота
Сяргей Спарыш. Архіўнае фота

Палітвязьня Сяргея Спарыша, паплечніка Міколы Статкевіча, зноў зьмясьцілі ў магілёўскую калёнію № 15, дзе ён ужо быў у пачатку году, адкуль яго накіравалі ў вязьніцу ў Баранавічах.

Пра гэта стала вядома ад крыніцы, дасьведчанай у справах палітвязьня Сяргея Спарыша.

«Напісаў, што з 9-га чысла ў Магілёве. Чаго ён гэтак часта вандруе туды-сюды, невядома. Пасьля Баранавічаў зноў пабываў у калёніі пад Івацэвічамі, а цяпер зноў у Магілёве. Але адзначае, што там кормяць лепш», — паведаміла крыніца ў сярэдзіне красавіка.

Паводле крыніцы, палітвязень Сяргей Спарыш на здароўе з большага не наракае, але ён скардзіўся на тое, што доўгі час праз пераезды з адной калёніі ў другую ня можа вырашыць праблему з хворымі зубамі, яму не надаюць мэдыцынскую дапамогу.

Сяргей Спарыш — намесьнік старшыні незарэгістраванай партыі «Народная грамада», якую за арышту ачольваў палітвязень Мікалай Статкевіч. Як і Мікалая Статкевіча Сяргея Спарыша арыштавалі яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў, у чэрвені 2020 году.

У 2021 годзе Спарыша судзілі ў так званай справе тэлеграм-каналу «Армия с народом» і прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку 191-га (перашкаджэньне ажыцьцяўленьню выбарчых правоў). Сяргей Спарыш быў асуджаны да 6 гадоў зьняволеньня.

Сваёй віны ні па адным з абвінавачаньняў Сяргей Спарыш не прызнаў, беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Першую палову тэрміну Сяргей Спарыш адбыў у ПК-22 пад Івацэвічамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG