«Псыхоляг паразмаўляў са мной хвілін пяць — і адразу выставіў дыягназ»
Вольга (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) год назад вымушаная была выехаць зь Беларусі. Вясной 2023 году да яе прыйшлі зь ператрусам — цікавіліся, што яна рабіла ў жніўні 2020-га. Задавалі дзіўныя пытаньні, ці знаёмая яна з грамадзкімі актывістамі, якіх ужо пасадзілі. Забралі кампутары, тэлефоны, нататнікі. Вольга вырашыла выехаць. Яе дарослая дачка Наста з мужам пераехалі зь Беларусі ў Польшчу ў 2022-м. Зяць рэлякаваўся, бо мае добрую працу ў ІТ-сфэры. Сям’я арандавала кватэру, сама дачка за мяжой шукае сябе. Знайшла сябровак, якія раптоўна перакваліфікаваліся ў псыхолягі, скончыўшы нейкія трохмесячныя курсы, расказвае жанчына. Тыя пачалі кансультаваць Насту.
«Калі я прыехала ў Польшчу, я дачку не магла пазнаць. Яна накінулася на мяне з прэтэнзіямі, нібыта яе сяброўкі-псыхолягі сказалі, што яна мае процьму дзіцячых траўмаў, бо мы з бацькам яе не любілі, не дадалі ёй шмат чаго, і цяпер яна пакутуе. Наста — адзінае дзіця ў нас, мы са скуры вылазілі, працавалі кожны на дзьвюх працах, каб даць ёй добрую адукацыю. Вадзілі на музыку, танцы, маляваньне. А цяпер я „адгрэбла“ ад дачкі па поўнай. Нават не адважуся паўтарыць яе прэтэнзіі...» — расказвае Вольга.
Аксану (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) эвакуаваў фонд BySol з адным заплечнікам, бо ёй прысудзілі 3 гады хатняй хіміі. У Беларусі засталіся пажылыя бацькі, за якіх яна вельмі перажывае. Мяжу пераходзіла нелегальна. У чужой краіне сутыкнулася з процьмай праблем — з пошукамі працы, аплатай арэнды жытла, легалізацыяй. Калі зразумела, што сама не дае рады, зьвярнулася да псыхоляга.
«Псыхоляг паразмаўляў са мной хвілін пяць — і адразу выставіў дыягназ. „Наехаў“ на мяне. Я, маўляў, ведала, што рабіла, а цяпер распусьціла „нюні“. Загадаў мне „сабрацца“ і ня ныць. Можа, гэта шокавая тэрапія і з кімсьці гэта спрацоўвае. Але я зусім „паплыла“ і разрыдалася: ну ў чым я вінаватая, я ж зьвярнулася па дапамогу, а мяне абвінавацілі ва ўсіх сьмяротных грахах! Потым у мяне была гістэрыка. Можа, я не зразумела сучасных мэтадаў узьдзеяньня альбо мне проста не пашанцавала са спэцыялістам, альбо я складаны кліент ці пацыент... Пасьля першага няўдалага досьведу я, напэўна, больш ніколі не зьвярнуся да псыхоляга. Буду спраўляцца сама», — кажа Аксана пасьля нэгатыўнага досьведу працы з адмыслоўцам.
«Ня трэба саромецца патрабаваць дакумэнт»
Псыхоляг Натальля Скібская, якую Свабода папрасіла пракамэнтаваць сытуацыю, пацьвердзіла, што няўдалы першы досьвед можа адштурхнуць людзей і яны больш ня зьвернуцца да псыхоляга, бо ў іх складваецца адчуваньне, што ім ня могуць дапамагчы.
«Так, шмат разьвялося людзей, якія называюць сябе псыхолягамі. Колькасьць курсаў, плыняў у псыхалёгіі цяпер вельмі вялікая. Але, на жаль, няма фільтраў на ўваходзе ў прафэсію. Праблема пачаткоўцаў — яны любяць даваць парады без запыту, яны імкнуцца ўсіх лячыць. Вы не пыталіся пра дыягназ, а яны пачынаюць вам яго выстаўляць: „У вас дэпрэсія, у вас траўма, дэвіянтныя паводзіны“. Не павінна так быць. Таму чалавек сам павінен дбаць пра сябе, калі ён шукае спэцыяліста», — кажа экспэртка.
Паводле суразмоўцы, ня трэба ніколі саромецца патрабаваць ад людзей паказаць дакумэнт і распытаць пра яго адукацыю. Тым больш што вы за гэта плаціце свае грошы.
«І яшчэ адна важная рэч. Мы, беларусы, вельмі траўмаваныя тым, што было шмат няпраўды, калі нам нашу сьвядомасьць, мэнтальнасьць зьмянялі газлайтынгам (газлайтынг — адна з формаў псыхалягічнага гвалту. — РС). Калі вы бачыце, ведаеце, што чалавек хлусіць пра сябе, кажа, які ён дасьведчаны, а дакумэнтаў няма, ня трэба ісьці да гэтага спэцыяліста», — перакананая Натальля Скібская.
Ганна Матуляк, дырэктарка Эўрапейскага інстытуту сучаснай псыхатэрапіі ў Вільні, псыхалягіня і тэрапэўтка са стажам, большым за 20 гадоў, таксама падкрэсьлівае, што неабходна спраўдзіць, якая адукацыя ў адмыслоўцы, да якога чалавек зьбіраецца зьвярнуцца па дапамогу.
«Найперш адукацыя. Трэба адрозьніваць кансультаваньне і тэрапію. Кансультаваньнем можа займацца псыхоляг, які мае адмысловую вышэйшую адукацыю (паўнавартасны дыплём, а не пасьведчаньне аб трохмесячных курсах). Кансультаваньне — гэта, умоўна кажучы, фармат „пытаньне — адказ“. У вас складаная сытуацыя, ёсьць пытаньне, як лепш зрабіць. Да прыкладу, як адаптаваць дзіця да дзіцячага садка, як спраўляцца з гістэрыкамі дзіцяці, як яго падрыхтаваць да разводу. Гэтым займаюцца псыхолягі, у якіх павінен быць дыплём аб вышэйшай адукацыі», — сьцьвярджае Ганна Матуляк.
А вось псыхатэрапія — гэта больш глыбокая праца. Ганна тлумачыць, што часта ўзьнікае блытаніна: у Беларусі і Расеі псыхатэрапэўт — гэта лекар з мэдычнай адукацыяй. Але псыхатэрапэўтамі сябе называюць яшчэ псыхолягі, якія праводзяць немэдыкамэнтозную тэрапію, якія навучаліся ў пэўным кірунку.
«Адпаведна ў таго чалавека, як запрашае вас у доўгатэрміновую тэрапію, павінен быць сэртыфікат аб тым, што ён засвоіў пэўны мэтад: псыхааналіз, гештальт-тэрапію, кагнітыўна-паводзінную тэрапію. І гэта не трохмесячныя курсы, а больш працяглае навучаньне. Важна, акрамя наяўнасьці сэртыфікату, паглядзець, колькі гадзін адмыслоўца вывучаў гэты курс. Калі 30 гадзін — гэта „ні пра што“. За такую мізэрную колькасьць гадзін нельга засвоіць мэтад ці навучыцца чамусьці сур’ёзнаму», — зазначае Ганна Матуляк.
Адмыслоўца падкрэсьлівае, што павінен быць дыплём аб вышэйшай профільнай адукацыі (псыхоляг, псыхіятар і г.д.)
Калі псыхоляг называе сябе гештальт-тэрапэўтам, у яго павінен быць сэртыфікат, дзе пазначана, што ён прайшоў навучаньне і яму прысвоена кваліфікацыя «гештальт-тэрапэўт». Калі называе сябе сэксолягам, то дыплём, дзе пазначана, што чалавек менавіта сэксоляг. Калі чалавек сябе называе псыхааналітыкам, значыць, у яго павінен дакумэнт (дыплём альбо пасьведчаньне, дзе павінна быць пазначана, што яму прысвоена такая кваліфікацыя), зазначае Ганна Матуляк.
«Гэта значыць ня што ён праслухаў курс „псыхааналіз у працы з кліентамі“ працягласьцю 20 гадзін або курс „сэксоляг у працы з парамі“. Сэксоляг — гэта па вялікім рахунку доктар.
У нас вялікая праблема з прысваеньнем сабе званьняў, на якія чалавек, папраўдзе, ня мае права прэтэндаваць. Называць сябе тэрапэўтам, прайшоўшы 20-гадзінны курс, нельга, таму што засвоіць любы курс — гештальт-тэрапію, псыхааналіз, кагнітыўна-паводзінскую, экзыстэнцыйную тэрапію — гэта некалькі гадоў навучаньня. І ў сэртыфікаце пішацца, што чалавек прайшоў пэўнае навучаньне і яму прысвоеная адпаведная кваліфікацыя», — кажа Ганна.
«Ёсьць спэцыялісты, якія нам не падыходзяць»
Да таго ж вельмі важна, выбіраючы псыхоляга, зразумець, ці сыходзіцеся вы з чалавекам, да якога зьбіраецеся пайсьці. Гэта вельмі важны чыньнік, які ўплывае на ўвесь працэс, адзначае Натальля Скібская.
«Бо мы можам не падыходзіць адно адному. Трэба схадзіць на пробную сэсію, узяць час, каб падумаць. Пашукаць інфармацыю пра гэтага псыхоляга ў сацсетках.
Калі гаварыць пра доўгатэрміновую тэрапію, то калі вам чалавек не падыходзіць, не падабаецца, у вас будзе супраціў да яго інтэрвэнцыяў. І гэта будзе замінаць працэсу. А калі вы адчуваеце сябе ў прысутнасьці псыхоляга абражаным, пакрыўджаным, калі ў вас зьяўляецца пачуцьцё віны, сораму, ня трэба заставацца ў такога спэцыяліста. Ёсьць людзі, якія не падыходзяць нам у жыцьці, і ёсьць спэцыялісты, якія нам не пасуюць. Так бывае. Гэта ня значыць, што з вамі нешта ня так. Гэта важна ў кантакце псыхатэрапіі. Калі ў вас нэгатыўныя пачуцьці, шукайце іншага спэцыяліста», — раіць Натальля.
Яна падкрэсьлівае, што пры доўгатэрміновай псыхатэрапіі вельмі важна, каб адмыслоўца меў уласны індывідуальны досьвед. І пра гэта варта пытацца.
Ганна Матуляк зьвяртае ўвагу, што задача псыхоляга не замацаваць тыя нэгатыўныя тэндэнцыі, якія ёсьць у чалавека, а дапамагчы яму зь імі справіцца.
«Гэта не пра тое, што псыхоляг павінен вас за ўсё хваліць і падтрымліваць. Гэта глябальна-генэральна пра тое, што „з табой усё ОК, але давай разьбірацца: нават калі адбываецца якая-небудзь фігня ў жыцьці і ты робіш штосьці няправільна, у цябе на гэта ёсьць твае ўнутраныя прычыны, я табе дапамагу, я побач“.
А калі гэта выглядае, што „я экспэртка і ўсё ведаю, як трэба, і цябе навучу“ — лепш разысьціся», — дае парады Ганна Матуляк.
«Псыхіятры ня злыдні»
Вельмі важна, каб чалавек мог вызначыць у такі складаны час псыхапаталёгію ці нейкія станы, якія ўжо патрабуюць зьвяртаньня да псыхіятра, кажа Натальля Скібская.
«Калі вам вельмі цяжка, ня трэба саромецца зьвяртацца да псыхіятра. Гэта ня страшна. Псыхіятры ня злыдні, яны разумеюць, дзе крытычны стан і калі патрэбна мэдыкамэнтозная падтрымка.
А нашы людзі — „цярпілы“, мы такія лагодныя, саромеемся сказаць, што ў нас праблемы.
Калі мы кажам пра рэцэптурныя прэпараты, псыхоляг можа толькі выказваць гіпотэзы: „Я бачу падставы зьвярнуцца да псыхіятра“. Але лекі прызначае толькі псыхіятар, ён у дынаміцы назірае, як дзейнічаюць прэпараты. Псыхоляг павінен разумець, дзе канчаецца ягоная зона адказнасьці, калі трэба ісьці ўжо да псыхіятра», — кажа Натальля Скібская.