Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская нагадала прэзыдэнтцы Грэцыі пра адказнасьць рэжыму Лукашэнкі за захоп самалёта Ryanair


Сьвятлана Ціханоўская і Катэрына Сакелярапулю
Сьвятлана Ціханоўская і Катэрына Сакелярапулю

Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская падчас сустрэчы 12 красавіка з прэзыдэнткай Грэцыі Катэрынай Сакелярапулю нагадала аб прыцягненьні рэжыма Лукашэнкі да адказнасьці за захоп самалёта авіякампаніі Ryanair. Пра гэта паведаміў «Позірку» галоўны дарадца лідэркі Франак Вячорка.

Падчас сустрэчы палітыкі абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі і рэгіёне, згадалі апошнюю сустрэчу ў Атэнах, пасьля якой адбыўся інцыдэнт з захопам самалёта.

Бакі таксама абмеркавалі шляхі прыцягненьня Менску да адказнасьці за «выкраданьне ўкраінскіх дзяцей і злачынствы супраць чалавечнасьці», адзначыў Вячорка.

Акрамя гэтага, паводле яго слоў, абмяркоўваліся праблемы легалізацыі беларусаў у Грэцыі, «дакумэнты і пратэрмінаваныя пашпарты», а таксама праграмы рэабілітацыі для дзяцей рэпрэсаваных.

12 красавіка Ціханоўская таксама правяла сустрэчу з мэрам Атэнаў Харысам Дукасам, зь якім абмеркавала «ініцыятывы культурнай дыпляматыі, у тым ліку рэзыдэнцыі для беларускіх творцаў, стажыроўкі для „Кадравага рэзэрву“, падтрымку сумленнага беларускага бізнэсу, арганізацыю выставаў і беларуска-грэцкія мерапрыемствы». Ціханоўская зьвярнулася да мэра з просьбай падтрымліваць беларускую дыяспару ў Атэнах.

Ціханоўская наведвае Грэцыю 11–12 красавіка.

23 траўня 2021 году беларускія ўлады арганізавалі вымушаную пасадку ў Менску самалёта Ryanair, што ляцеў з Атэнаў у Вільню. На борце знаходзіліся апазыцыйны на той момант блогер Раман Пратасевіч і яго сяброўка Сафія Сапега. Іх затрымалі, асудзілі, але потым яны былі памілаваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG