Жыхара Берасьцейскай вобласьці асудзілі на 5 гадоў калёніі паводле 5 крымінальных артыкулаў
Берасьцейскі абласны суд пакараў мясцовага жыхара 5 гадамі калёніі паводле 5 «палітычных» крымінальных артыкулаў. Таксама ёе мусіць аплаціць штраф у памеры 200 базавых велічыняў. Паседжаньне прайшло 8 красавіка.
Паводле інфармацыі «Медиазоны», асуджанага завуць Аляксей Герман.
Яго прызналі вінаватым паводле 5 крымінальных артыкулаў:
- удзел у экстрэмісцкім фармаваньні (ч. 3 арт. 361-1 КК),
- дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 КК),
- абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК),
- распальваньне сацыяльнай варожасьці (ч. 1 арт. 130 КК),
- абраза Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК).
У паведамленьні прэс-службы Вярхоўнага суду гаворыцца, што асуджаны ў сакавіку-красавіку 2022 году разьмясьціў у «экстрэмісцкім» чаце паведамленьні, накіраваныя на «абвастрэньне напружанасьці ў грамадзтве, дэстабілізацыю абстаноўкі» ў Беларусі, а таксама пісаў «нэгатыўныя паведамленьні і камэнтары, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь» і зьневажаюць службовых асобаў і Лукашэнку.
Герман на судзе прызнаў сваю віну часткова.
Прадпрымальніка судзяць за абразу Лукашэнкі
У Менскім гарадзкім судзе судзяць індывідуальнага прадпрымальніка Андрэя Мірэйчыка зь Менску, паведамляе «Позірк». Паводле судовай інфармацыі, Мірэйчыку выставілі абвінавачаньне паводле 6 «палітычных» артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сярод іншага, прадпрымальніка судзяць за нібыта распальваньне варожасьці (арт. 130), стварэньне альбо ўдзел у экстрэмісцкай арганізацыі (арт. 361), зьнявагу прэзыдэнта (арт. 369), заклікі да санкцый (арт. 361).
Андрэя Мірэйчыка няма ў сьпісе палітвязьняў, які складаюць праваабаронцы «Вясны». Раней менскі прадпрымальнік Андрэй Аляксандравіч Мірэйчык займаўся продажам шрубаў, самарэзаў і прыладаў. Тэлефон для кантактаў кампаніі Андрэя Мірэйчыка на званкі не адказвае.
У Горадні затрымалі дырэктара агенцтва нерухомасьці за камэнтары ў сацсетках
Як піша «Вясна», вядзецца пра Рамана Сьмірнова.
На відэа сілавікоў затрыманы «прызнаецца» ў тым, што ўдзельнічаў у пратэстах, пісаў камэнтары пра службовых асоб і Лукашэнку, а таксама нібыта накіроваў інфармацыю ў чат-бот каналаў «Беларусь галаўнога мозгу» і Nexta.
Затрымалі бабруйскага кіроўцу пагрузчыка
Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым жыхаром Бабруйску.
На камэру ён кажа, што працуе кіроўцам пагрузчыка ў рэгіянальным аддзеле складзкой лягістыкі. Ён стварыў у 2017 годзе акаўнт, зь якога нібыта скідаў інфармацыю ў прызнаныя ўладамі «экстрэмісцкімі» тэлеграм-каналы, «Бабруйск Online» і Nexta.
Таксама затрыманы кажа, што ў 2020 годзе браў удзел у пратэстах і зарэгістраваўся ў чат-боце пляну «Перамога».
«Медиазона» знайшла старонку затрыманага ва «УКантакце». Там ён падпісаны як Андрэй Тарабенка.
Паводле якога артыкулу затрымалі бабруйчаніна і дзе ён цяпер знаходзіцца, невядома.