Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За хабар асудзілі былога галоўнага энэргетыка Сьветлагорскага ЦКК, на які скардзяцца экаактывісты


Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат, архіўнае фота
Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат, архіўнае фота

Суд Сьветлагорскага раёну асудзіў былога галоўнага энэргетыка Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і аштрафаваў на 28 тысяч беларускіх рублёў (700 базавых велічынь), паведамляе прэс-служба суда.

Былога галоўнага энэргетыка прадпрыемства прызналі вінаватым у атрыманьні хабару (паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Паводле матэрыялаў справы, ён «неаднойчы прымаў для сябе ад намесьніка дырэктара па якасьці і кіраўніка службы кантролю якасьці ТАА «Навукова-вытворчая кампанія „Сфэра прамысловай бясьпекі“» ў якасьці хабару грошы на агульную суму сама меней 69 400 рублёў за лабіяваньне інтарэсаў гэтай кампаніі пры правядзеньні працэдур закупак паслуг, а таксама далейшае садзейнічаньне пры падпісаньні дамоваў і іх аплаце».

На судзе абвінавачаны цалкам прызнаў віну.

ТАА «Навукова-вытворчая кампанія „Сфэра прамысловай бясьпекі“» — прадпрыемства, якое спэцыялізуецца на мантажы, наладцы, рамонце, праектаваньні і аглядзе тэхнічных прыладаў, якія выкарыстоўваюцца на небясьпечных вытворчасьцях.

  • Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат сумнавядомы шматлікімі скаргамі на яго з боку мясцовых жыхароў і шэрагам трагічных здарэньняў на прадпрыемстве.
  • Мясцовыя жыхары скардзяцца на смурод ад камбінату і кепскае самаадчуваньне ад бруднага паветра з 2017 году. У Сьветлагорску ўтварылася экалягічная ініцыятыўная група, якая займалася праблемамі заводу. Актывісты напісалі чыноўнікам больш за сотню скаргаў. Смурод ад заводу мясцовыя жыхары адчуваюць і цяпер.
  • У кастрычніку 2023 году Сьветлагорскі ЦКК пакаралі за шкоду, нанесеную навакольнаму асяродзьдзю, штрафам у 3 341 758,02 рубля (плюс 33 417,58 рубля дзяржаўнай пошліны).
  • Па выніках 2020 году Сьветлагорскі ЦКК увайшоў у тройку самых стратных акцыянэрных таварыстваў Гомельскай вобласьці. Апошняя фінансава-эканамічная справаздача са Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату датуецца 2021 годам. Паводле яе, завод у 2021 годзе меў прыбытак 9 мільёнаў рублёў пры доўгатэрміновых даўгах на 2,3 мільярда рублёў і непакрытых стратах на 517 мільёнаў рублёў.
  • З 2020 году на заводзе загінулі сама меней пяць чалавек, каля дзесяці атрымалі розныя траўмы. У выніку апошняга выбуху на Сьветлагорскім ЦКК 7 чэрвеня 2023 году тры чалавекі загінулі, чацьвёра атрымалі раненьні.
  • Пасьля аварыі 7 чэрвеня першым пра яе напісала мясцовае выданьне «Ранак». На здымках выданьня было бачна, як з заводу выцякала атрутная вадкасьць — чорны шчолак. Праз два дні па 9 супрацоўнікаў выданьня прыйшла міліцыя. Сайт выданьня заблякавалі, сацсеткі прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пазьней «экстрэмісцкім фармаваньнем» стаў увесь «Ранак». У сьнежні журналісты выданьня трапілі пад крымінальны перасьлед.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG