Сьцісла:
- Паводле Лукашэнкі, інфармацыйная вайна з дапамогай СМІ адыгрывае найважнейшую ролю ў палітычнай барацьбе, утрыманьні ўлады.
- У таталітарных рэжымах інстытут камісараў ці міністэрства прапаганды былі ня менш важнымі структурамі, чым НКВД ці гестапа.
- Усялякая прапаганда можа быць больш-менш пасьпяховай толькі ва ўмовах манаполіі. Любая канкурэнцыя ёй супрацьпаказана.
- Важным элемэнтам таталітарнай прапаганды зьяўляецца вобраз ворага. Прычым праціўнікам парадаксальным чынам надаюцца супрацьлеглыя якасьці. Іх адначасова паказваюць і слабымі, і моцнымі.
8 красавіка Аляксандар Лукашэнка, прызначаючы новага намесьніка кіраўніка сваёй адміністрацыі Ўладзімера Пярцова, адказнага за ідэалягічную працу, даваў устаноўкі. Яны не вызначаліся навізной.
«Ідэалягічная праца сёньня выходзіць на першы плян... Трэба падцягнуць, прывесьці ў парадак сродкі масавай інфармацыі ўсе, ідэалягічную працу... І ўсё сышлося зараз на сродках масавай інфармацыі, — заявіў Аляксандар Лукашэнка. — Цяпер гэтыя сэктары нашага жыцьця адыгрываюць найважнейшую ролю наагул у разьвіцьці Беларусі. Ідзе інфармацыйная вайна, перш за ўсё ў СМІ».
Такім чынам, паводле Лукашэнкі, інфармацыйная вайна з дапамогай СМІ выконвае найважнейшую ролю ў палітычнай барацьбе, утрыманьні ўлады. Гэта знакавая выснова, якая ілюструе, як функцыянуе існая палітычная сыстэма. Цяпер усе засяроджваюцца на рэпрэсіях, з дапамогай якіх душыцца любое іншадумства.
Аднак гісторыя таталітарных рэжымаў сьведчыць, што рэпрэсіі і прамываньне мазгоў ідуць поруч. Хоць, здавалася б, навошта ў нечым пераконваць людзей, калі ёсьць сакрэтная паліцыя, спэцслужбы, канцлягеры. Але не — інстытут камісараў ці міністэрства прапаганды былі ня менш важнымі структурамі, чым НКВД ці гестапа.
Таталітарны рэжым мае патрэбу ў шчырай адданасьці і падтрымцы народу, а ня толькі ў гвалце. Гвалту ў сёньняшняй Беларусі дастаткова, а вось народнай любові не відаць. Таму Лукашэнка і мяняе кіраўніка, адказнага за ідэалягічную працу (замест Ігара Луцкага — Уладзімер Перцаў). Лукашэнка чамусьці думае, што справа ў кадрах. Былы намесьнік кіраўніка ягонай адміністрацыі ня справіўся з задачай, цяпер робіцца стаўка на новага.
Увогуле, уся падобная тэрміналёгія — «прапаганда і контрапрапаганда», «ідэалягічная праца», «ідэалягічная вэртыкаль» — гэта лексыка недэмакратычнай дзяржавы, савецкая спадчына. Лукашэнку цяжка ўявіць, што ў дэмакратычных краінах увогуле няма дзяржаўных мэдыя, магутных мэдыяхолдынгаў, вялізнага ідэалягічнага апарату. І без усяго гэтага тамтэйшыя партыі шмат гадоў утрымліваюць уладу.
Як вядома, усялякая прапаганда можа быць больш-менш пасьпяховай толькі ва ўмовах манаполіі. Любая канкурэнцыя ёй супрацьпаказаная, бо разбурае прапагандысцкія канструкцыі, у сваёй прыродзе прымітыўныя (ідэалягічныя міты не павінны быць складанымі), супярэчлівыя. Таму зь Беларусі і выгналі незалежныя мэдыя, абвесьцілі іх «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
Нагадаю, што да 2020 году сытуацыя была іншай.
«Няўжо вы, маючы зносіны са мной, можаце паверыць, што я баюся нейкіх свабодных СМІ?» — казаў Лукашэнка журналістам у 2006 годзе.
І любіў прыводзіць прыклад: маўляў, галоўная апазыцыйная газэта «Народная воля» прадаецца ў кіёску Адміністрацыі прэзыдэнта. І якія цяпер газэты прадаюцца ў тым кіёску? Куды ўсё падзелася?
Другі складнік эфэкту прапаганды — гэта рэпрэсіі, у прыватнасьці перасьлед за атрыманьне інфармацыі зь незалежных мэдыя. За падпіску на іх грамадзяніна садзяць за краты.
Праблема дзяржаўнай прапаганды ня толькі ў тым, што ідэалягічная праца вядзецца пры адстутнасьці ідэалёгіі. Сам кантэнт, які прапануюць афіцыйныя мэдыя, несучасны, архаічны. Яны спрабуюць пераканаць, што вось гэта немалады, ня вельмі здаровы чалавек — адзіная надзея беларусаў, што знак якасьці на таварах паказвае на іх канкурэнтаздольнасьць, што ў краіне назіраецца нябачанае дасюль «народнае адзінства», што ў Эўропе нашы ворагі, а на Ўсходзе ці ў Афрыцы — нашы браты і г.д.
Важным элемэнтам таталітарнай прапаганды зьяўляецца вобраз ворага. Усе зьвярнулі ўвагу, што Лукашэнка падчас любога публічнага выступу згадвае апазыцыю ў эміграцыі, зьняважліва называючы сваіх апанэнтаў словам «зьбеглыя». Якому б пытаньню ні была прысьвечана нарада, з кім бы ён ні сустракаўся, гэтая тэма пастаянна гучыць. Нібы нейкая стрэмка засела ў душы і пастаянна баліць, нагадвае пра сябе.
Прычым гэтым праціўнікам парадаксальным чынам надаюцца супрацьлеглыя якасьці. З аднаго боку, яны нягеглыя, нікчэмныя, хцівыя, суцэльныя лохі («лахушкі»). «Гэтых небаракаў закінулі ва Ўкраіну, назвалі „палком Каліноўскага“. Там больш за сотню чалавек. Як яны ваююць, мы таксама ведаем», — кажа Лукашэнка.
А з другога боку, калі яны такія слабыя, то навошта пра іх згадваць, пужаць людзей, нагнятаць напружаньне, мабілізоўваць увесь дзяржаўны апарат, сілавыя структуры? Сама згадка пра апанэнтаў надае ім дадатковую суб’ектнасьць, паказвае як магутных ворагаў.
Наўрад ці замена галоўнага ідэоляга паўплывае на стан грамадзкай сьвядомасьці беларусаў. Бо тут дзейнічаюць сыстэмныя заканамернасьці, якія мала залежаць ад прозьвішча намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.