8 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля судзьдзя Віктар Казачок разгледзеў адміністрацыйную справу паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») у дачыненьні да гомельскага прадпрымальніка Навума Каца.
Вынік адміністрацыйнага працэсу высьвятляецца, піша «Гомельская вясна».
Кац — былы генэральны дырэктар абутковай фабрыкі «Батычэлі», сябра Грамадзкага аб’яднаньня садзейнічаньня разьвіцьцю прыватнага прадпрымальніцтва «Адзінства», аўтар Канцэпцыі FMR (ад ангел. functioning — management — result, г. зн. «функцыянаваньне — кіраваньне — вынік»). Кандыдат эканамічных навук. Вядучы экспэрт Рэспублікі Беларусь у галіне кансультацый і адукацыі ў бізнэсе, як прадстаўляе яго старонка Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва.
Фабрыка «Батычэлі», якой кіраваў Кац, — вытворчае прадпрыемства, якое спэцыялізавалася на вырабе дзіцячага і падлеткавага абутку. Трапіла на беларускі і расейскі рынкі ў 1998 годзе.
З 2015 году Кац быў экспэртам і сябрам журы конкурсу «Стартап году», з 2016 году быў у праўленьні ўстановы «Новая Эўразія», з таго ж году — сябра прэзыдыюму каардынацыйнай рады «Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва».
Разам з жонкай выхоўвае чацьвярых дзяцей.
Апошнім часам Кац быў генэральным дырэктарам створанага ім «Цэнтру бізнэс-разьвіцьця», аднак з 2021 году пра дзейнасьць гэтай арганізацыі нічога не вядома, яе старонкі з тых часоў не абнаўляліся, заўважыў «Флагшток».
Мяркуючы па інфармацыі ў сацыяльных сетках, фабрыка «Батычэлі» спыніла працу яшчэ ў 2019 годзе. Аднак Каца прадстаўлялі менавіта як кіраўніка гэтага прадпрыемства ў 2020 годзе, калі ён узяў удзел у стварэньні прапагандысцкага фільму, накіраванага супраць прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі. Тады фабрыка пратэрмінавала выплаты па крэдытах, але Кац абвінаваціў у праблемах прадпрыемства сам «Белгазпрамбанк».