Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глябальная фэдэрацыя прафсаюзаў IndustriALL заклікала ціснуць на рэжым Лукашэнкі


Адзін з палітзьняволеных прафсаюзных лідэраў Беларусі Аляксандар Ярашук
Адзін з палітзьняволеных прафсаюзных лідэраў Беларусі Аляксандар Ярашук

Арганізацыя заклікала сяброўскія арганізацыі прафсаюзаў далучыцца да кампаніі па ціску на ўлады Беларусі, у мэтах вызваленьня палітычных вязьняў.

«Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладнага і безумоўнага спыненьня ціску на сяброў прафсаюзаў, у тым ліку зьняцьця ўсіх абвінавачаньняў, зьвязаных з удзелам у мірных пратэстах і страйках, вызваленьня арыштаваных прафсаюзных дзеячаў, усіх праваабаронцаў і палітычных зьняволеных, а таксама спыненьня ў дачыненьні незалежных прафсаюзаў і прыватных асоб, патрабуючы павагі іх правоў чалавека», — адзначыў генэральны сакратар IndustriALL Атле Хое.

IndustriALL успомніў, што 18 ліпеня 2022 году Вярхоўны суд Беларусі зьліквідаваў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, у тым ліку тры прафсаюзныя арганізацыі, якія ўваходзяць у IndustriALL — Беларускі незалежны прафсаюз, Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці, Свабодны прафсаюз мэталістаў.

IndustriALL просіць арганізацыі па ўсім сьвеце да дзеяньняў, а менавіта:

  • Напісаць лісты ў Рэспубліку Беларусь, а таксама арганізаваць акцыі каля беларускіх пасольстваў з патрабаваньнем доступу да лідэраў прафсаюзаў і іх вызваленьня, у тым ліку старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука;
  • Запісаць пасланьне салідарнасьці з прафсаюзнымі лідэрамі, заявіўшы, што прафсаюзны рух не зьяўляецца экстрэмізмам, заклікаўшы да свабоды аб’яднаньняў і дэмакратыі, а таксама да вызваленьня зьняволеных прафсаюзных актывістаў у Беларусі. Распаўсюдзіць гэтыя заклікі па сацыяльных сетках;
  • Накіраваць лісты ўрадам сваіх краін з просьбай выканаць рэзалюцыю Міжнароднай арганізацыі працы, прынятую Міжнароднай канфэрэнцыяй працы ў чэрвені 2023 году, з улікам культурнай, эканамічнай, гандлёвай, навуковай і іншых вобласьцяў міжнароднага супрацоўніцтва зь Беларусьсю, запытаўшы інфармацыю аб тым, якія дзеяньні робяцца ўрадамі ў гэтым напрамку. Запатрабаваць распачаць дыпляматычныя намаганьні для атрыманьня доступу да зьняволеных прафсаюзных дзеячаў і іх вызваленьня;
  • Правесьці сустрэчы ў пытаньнях комплекснай праверкі правоў чалавека з працадаўцамі і ўрадам Беларусі, а таксама прааналізаваць ланцужкі паставак, фінансавыя і іншыя бізнэс-паслугі, у якіх удзельнічаюць беларускія прадпрыемствы, і выкарыстоўваць усе магчымыя рычагі для ліквідацыі парушэньняў законнасьці.

Глябальны зьвяз IndustriALL — гэта глябальная фэдэрацыя прафсаюзаў, заснаваная ў Капэнгагене 19 чэрвеня 2012 году. IndustriALL аб’ядноўвае 50 мільёнаў работнікаў горназдабыўной, энэргетычнай і вытворчай галін у 140 краінах сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG