Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У штабе Трампа адмаўляюць яго пляны націснуць на Кіеў


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Інфармацыя The Washington Post аб намеры Трампа прымусіць Украіну аддаць Расеі Крым і Данбас у выпадку перавыбраньня прэзыдэнтам ЗША няправільная, заявілі ў перадвыбарным штабе рэспубліканца, піша DW.

У перадвыбарным штабе былога прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа адмаўляюць намер палітыка прымусіць Украіну саступіць Расеі Крым і Данбас у выпадку яго вяртаньня ў Белы дом, пра які раней паведамляла выданьне The Washington Post (WP). Дарадца ў перадвыбарчым штабе Трамп Джэйсан Мілер назваў дадзеную інфармацыю «фэйкавымі навінамі ад The Washington Post». «Яны проста выдумалі гэта», — сьцьвярджае ён у інтэрвію газэце New York Post, апублікаваным 7 красавіка.

Ён таксама заявіў, што Трамп зьяўляецца «адзіным, хто гаворыць аб спыненьні забойстваў» ва Ўкраіне. Акрамя таго, Мілер указаў, што да магчымага вяртаньня на пасаду прэзыдэнта ЗША Трамп не будзе працаваць над «мірным плянам» па спыненьні вайны ва Ўкраіне.

WP: Трамп хоча прымусіць Кіеў аддаць РФ Крым і Данбас

У той жа дзень газэта The Washington Post са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з плянамі Трампа, напісала аб намеры экс-прэзыдэнта ЗША пакласьці канец вайне ва Ўкраіне, прымусіўшы ўкраінскія ўлады пайсьці на тэрытарыяльныя саступкі Расеі. Па словах суразмоўцаў выданьня, якія абмяркоўвалі гэтае пытаньне з былым прэзыдэнтам або яго дарадцамі, прапанова палягае ва ўчыненьні ціску на Кіеў, з тым каб той саступіў Расеі анэксаваны ёю Крым і Данбас. У прыватным парадку Трамп казаў, што і РФ, і Ўкраіна «хочуць захаваць твар, хочуць выхаду» з сытуацыі, што склалася, і што жыхары некаторых частак Украіны не супраць апынуцца ў складзе Расеі, распавяла газэце крыніца, якая гутарыла непасрэдна з Трампам.

Некаторыя прыхільнікі Трампа спрабавалі пераканаць яго адмовіцца ад такога падыходу, паколькі прызнаньне кантролю Расеі над часткай Украіны пашырыць сфэру ўплыву рэжыму Пуціна, піша WP. Акрамя таго, такі падыход кардынальна разыходзіцца з палітыкай цяперашняга прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, які робіць упор на вайсковую падтрымку Ўкраіны і супраціў расейскай агрэсіі, зазначае выданьне.

Кіеў адкідае любыя тэрытарыяльныя саступкі

Дональд Трамп, найбольш імаверны кандыдат ад Рэспубліканскай партыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2024 года, раней неаднаразова сьцьвярджаў, што ў выпадку абраньня ён зможа заключыць мірнае пагадненьне паміж Расеяй і Украінай «на працягу 24 гадзін», нават да ўступленьня на пасаду. Аднак ён адмаўляўся публічна паведаміць, якім чынам ён зьбіраецца зрабіць гэта.

Улады Украіны выключаюць тэрытарыяльныя саступкі Расеі і прапаноўвалі экс-кіраўніку Белага дома наведаць краіну, у тым ліку адправіцца на перадавую. Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі казаў, што яму хопіць 24 хвіліны, каб пераканаць Трампа ў немагчымасьці вырашыць праблему за 24 гадзіны. Ён параіў былому амэрыканскаму прэзыдэнту «спачатку думаць, а ўжо потым гаварыць». Кіеў у якасьці ўмоў для пачатку перамоваў патрабуе аднаўленьня межаў Украіны па стане на 1991 год.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG