У Гомельскім абласным судзе 8 красавіка 10 гадоў калёніі і штраф у 100 базавых велічыняў (4000 рублёў) прысудзілі 28-гадоваму жыхару Петрыкава Івану Сухамераву, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Івана абвінавацілі адразу паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «здрада дзяржаве», «заклік да санкцыяў» і «ўдзел у дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі». Яго абвінавацілі ў тым, што ён уступіў у ByPol, хацеў стаць ваяром палка Кастуся Каліноўскага і данаціў УСУ.
Суд адбываўся ў закрытым рэжыме з 15 лютага, таму падрабязнасьці абвінавачаньня вядомыя толькі з праўладнага СМІ. Прысуд вынес судзьдзя Сяргей Багінскі.
Як піша gp. by, Іван Сухамераў пад вартай утрымліваецца, верагодна, зь сярэдзіны чэрвеня 2023 году — тады мужчыну судзілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Тэлеграм-каналы сілавікоў пісалі, што ён нібыта быў затрыманы пры нелегальным пераходзе мяжы ў Беларусь.