Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вышыванка выбрала мяне». Як беларуская дызайнэрка шыла сьцягі насупраць РАУС, а пасьля эмігравала ў ЗША


Ганна-Марыя Эгліт з мужам Уладзімерам і сынам Зэўсам
Ганна-Марыя Эгліт з мужам Уладзімерам і сынам Зэўсам

Беларуская дызайнэрка Ганна-Марыя Эгліт эмігравала ў ЗША. Там яна нарадзіла сына Зэўса і марыць аднавіць вытворчасьць вышыванак.

Першая вышыванка

Вышыванкамі Ганна-Марыя Эгліт захапілася выпадкова — у траўні 2016 года да маладой дызайнэркі зьвярнуўся флярыст з просьбай апрануць сваіх мадэляў на фальклёрны «купалаўскі» фэстываль у Вязынцы.

«Ня я сама прыдумала, што пачну шыць самыя прыгожыя і сучасныя вышыванкі. Не-не-не! У красавіку 2016 года я выпусьціла калекцыю сэксуальных сукенак са скуры, замшы — я была маладая, любіла бавіць час у клюбах, рабіла такія дзёрзкія рэчы, якія дэманстраваліся на подыюмах. А тут мне заказалі 40 вышыванак», — успамінае Ганна-Марыя.

У дзяўчыны было паўтара месяца часу, яна дамовілася на пашыў калекцыі зь сябрам, які меў вялікую швейную вытворчасьць. Сябар паабяцаў дапамагчы. Сказаў, каб за два тыдні да канца тэрміну яна прыйшла, яе заказ — на пару дзён працы. А ў апошні момант адмовіў — нібыта адпусьціў усіх работнікаў у адпачынак.

Першы публічны паказ і першы праект для фэста ў Вязынцы пад Менскам. 2016 год
Першы публічны паказ і першы праект для фэста ў Вязынцы пад Менскам. 2016 год

«Я была ў шоку. Трэба ж было імя сваё ратаваць! А я, як тая страказа, „лета краснае прапела“. Я пабегла ў гандлёвы цэнтар „Зеркало“, там прадавалі вышыванкі. Мяне пазнаёмілі з хлопцам зь Дзяржынску, які ведаў усё пра арнамэнты, рабіў вельмі прыгожую машынную вышыўку высокай якасьці.

Ідэй у мяне было шмат: там арнамэнт вазьму, тут вазьму — так ня робіць ніхто! Першая мая вышыванка была вельмі творчая, без паняцьця і разуменьня, што азначалі тыя арнамэнты. А потым я вывучыла іх, знакі — ведаю пра іх усё. Я кожнай сваёй дзяўчынцы, якая заказвае вышыванку, расказваю, што азначае той ці іншы арнамэнт. „Баба“ — мой любімы. У мяне нават дзьве тату ёсьць. Адна, праўда, дагары нагамі — мяне за гэта крытыкавалі ўсе беларусы! У мяне ўсё было новае: і вышыванка, і лён — я закахалася ў гэта на ўсё жыцьцё», — прызнаецца Ганна-Марыя.

Дадае, што першыя свае калекцыі шыла дома. Калі заказаў стала шмат, узяла ў дапамогу швачак, адкрыла вытворчасьць, зарэгістравала брэнд. Ад кліентак не было адбою, былі модныя паказы, фэстывалі, інтэрвію, запрашэньні на тэлевізію.

Ганна-Марыя Эгліт
Ганна-Марыя Эгліт

«Кукуруза»

Самы запамінальны праект — паказ калекцыі «Берагіня» ў кукурузным полі каля вёскі Тарасава пад Менскам. У гэтай калекцыі замест арнамэнтаў Ганна-Марыя выкарыстала кветкі — валошкі, рамонкі, макі. Спачатку хацелі зрабіць паказ у каласках, потым у капусьце, выпадкова на вочы трапіла поле з кукурузай. Трэба было дамовіцца зь сельгаспрадпрыемствам, усё арганізаваць.

«Мы за месяц зрабілі гэты, здавалася б, нерэальны праект. Патрэбна зона для подыюму, для пераадзяваньня мадэляў, для фудкорту. Старшыня сельгаспрадпрыемства тэлефануе, што дапаможа, — і даў нам трактар. Трэба было скасіць кукурузу, пакласьці падлогу. Надвор’е стаяла жудаснае. На заплянаваны дзень прагназаваўся моцны дождж.

А ў дзень імпрэзы — пякучае сонца! У нас 100 новых задач: патрэбны новыя парасоны, каб мадэлі ня страцілі прытомнасьці ад сьпякоты. Чыстае поле, кандыцыянэраў не падключыш. Прыехалі ўсе каналы тэлевізійныя. Усе госьці ў белым — каля тысячы народу. Было вельмі прыгожа. Увечары, калі я выйшла на вуліцу, убачыла, што ўсё Тарасава забіта машынамі, краю не відаць. Пад канец імпрэзы прыехала міліцыя: „Што вы тут учынілі?“. Старшыня калгасу тэлефануе: „Ты ж казала, што будзе ціха!“. „Кукуруза“ — наш любімы праект — клясны час быў».

Ганна-Марыя Эгліт
Ганна-Марыя Эгліт

Свае працы Ганна называе «абярэгамі». Арнамэнт — найперш моцны «абярэг», перакананая дызайнэрка.

«У 2020 годзе кожнаму кліенту я рабіла рабіла вышыванкі са сьлязамі, як абярэг сэрца — каб пра Радзіму можна было ўспамінаць зь любоўю. Мне так балюча ўсё гэта! Вось нядаўна 25 Сакавіка было, кліенткі скідваюць свае фота ў маіх вышыванках — у Менску яны ў іх дома ходзяць, бо па горадзе небясьпечна. Я плакала...», — Ганна-Марыя ня можа стрымаць сьлёз і пры размове.

Ганна-Марыя Эгліт з мужам Уладзімерам
Ганна-Марыя Эгліт з мужам Уладзімерам

«Уявіце: праз дарогу міліцыя, а мы пад носам у яе шыем сьцягі!»

У жніўні 2020 года на сваёй вытворчасьці дызайнэрка з мужам і супрацоўніцамі шылі бел-чырвона-белыя сьцягі.

«Мы працавалі на вуліцы Арлоўскай, насупраць Цэнтральнага РУУС Менску. Уявіце: праз дарогу міліцыя, а мы пад носам у яе шыем сьцягі! Адшывалі іх і бегалі ўніз, аддавалі людзям. Скінулі інфу ў сеціва — калі камусьці патрэбны сьцягі, можаце пад’ехаць, забраць. За адну ноч у нас заявак — 500! А я адпусьціла дзяўчат адпачыць на суботу-нядзелю. У гэтыя ж дні маршы! Як пачалі з 8-й раніцы прыходзіць людзі, а мы з мужам толькі ўдваіх. Вова ні кроіць, ні шыць ня ўмее. Я яго на нарэзку тканіны, «на нож» паставіла, сама шыю. Прыйшла адна дзяўчына, якую жорстка пабілі ў аўтазаку, кажа: «Я не магу пакуль абярэг заказаць, дайце мне сьцяг!» — успамінае жнівень 2020-га дызайнэрка.

15 жніўня яна падтрымала ў сваім Instagram патрабаваньні сумленных выбараў, спыненьня гвалту, вызваленьня вязьняў.

Ганна-Марыя Эгліт
Ганна-Марыя Эгліт

«Здавалася, што мяне абараняе вышыванка. А мяне абараняў муж»

Ганна-Марыя выпусьціла ў той час калекцыю спартовага адзеньня ў чырвона-белых колерах з надпісамі «Свабода», «Каханьне», «Мара». Працягвала прымаць заказы і на вышыванкі. Сілавікі патэлефанавалі спачатку мужу, потым і Ганьне.

«Творчасьць для мяне аказалася вельмі балючай. Да 2020 года я была такая зорка — шыю вышыванкі, мяне запрашаюць на ўсе тэлеканалы, я такая шчасьлівая. „Як своечасова мяне вышыванка знайшла, мы зараз у тандэме і зробім такую прыгажосьць!“ — марыла я.

А пасьля „званочкаў“ мой муж-айцішнік адключыў рэкляму. Я зь ім сварылася, не разумела: мне здавалася, што мяне абараняе вышыванка, абароніць яна і маіх кліентаў. А мяне абараняў муж. Мы закрылі інстаграм, сайт, ён забараніў мне выступаць на ТВ, я не дала ніводнага інтэрвію — мы проста „закрыліся“ і працавалі непасрэдна зь людзьмі. Новых кліентаў ня брала, толькі правераных альбо па рэкамэндацыі сяброў — чыста „сарафаннае радыё“. Памятаю адну з апошніх сукенак — белая сьціплая, нібыта са старажытнасьці, доўгая белая сарочка да пят, пад пояс, але такая сучасная!» — успамінае Ганна-Марыя.

Ганна-Марыя Эгліт з мужам і кампаньёнамі Станіславам Пшонем і Вадзімам Паем
Ганна-Марыя Эгліт з мужам і кампаньёнамі Станіславам Пшонем і Вадзімам Паем

«Я „прагну́лася“ дзеля сваёй свабоды»

Пакуль Ганна-Марыя не гатовая расказаць, што стала апошняй кропляй і вымусіла іх з мужам пераехаць. Кажа, што жылі як на парахавой бочцы.

«Мяне балюча ўдарылі: ня проста закрылі вытворчасьць, а прымусілі шыць тым людзям, якім я не хацела. Мне груба сказалі: „Або шыеш, або сядзеш“.

Я „прагну́лася“ дзеля сваёй свабоды — мне давялося гэта зрабіць. Яны прымушалі рабіць гэта ў белым і чырвоным колеры, на што я адказала, што яны сваёй рукой павінны напісаць, што самі гэтага хочуць. Урэшце мы зрабілі гэта ў бела—сінім, я адшыла вялікую колькасьць адзеньня для іх арганізацыі. Гэта працягвалася паўгода.

Гэта сытуацыя для мяне была такім званочкам: я не гатовая прагінацца. Адзін раз я гэта зрабіла, але гэта не маё. Маёй душы было вельмі балюча. Мне было страшна. Але пакуль я не гатовая расказаць больш», — уздыхае Ганна-Марыя.

Ганна-Марыя Эгліт з мужам Уладзімерам
Ганна-Марыя Эгліт з мужам Уладзімерам

«Мы ўсё амаль імгненна страцілі»

У дызайнэркі пачаліся праблемы зь бізнэсам: пасьля пачатку вайны ва Ўкраінай цэны на лён вырасьлі ўтрая. Сыравіна, зь якой рабілі якасныя льняныя тканіны на Аршанскім ільнокамбінаце, аказалася кітайскай, а не беларускай.

«Я была перакананая, што мне прадаюць 100% беларускі лён. І шмат гадоў казала сваім кліентам, асабліва замежным (з Ізраілю, ЗША), што гэта на 100% беларускі лён. У мяне павінна быць вялікая закупка, патэлефанавала мэнэджарка з Воршы, зь якой я працавала, і кажа: „Увесь нармальны лён выкупіла Расея, а з таго, што засталося, шыць ты ня зможаш“. Па сакрэце сказала, што раней сыравіна для якасных тканінаў была кітайская, а цяпер перабоі з пастаўкамі. Санкцыі. Я езьдзіла па горадзе і выкупляла адрэзы ў крамах, дзе яшчэ застаўся лён. Ад мяне сышла палова каманды. За 4 месяцы мы здолелі зрабіць удваіх гадавы аб’ём. Апошнія заказы рабілі ў жудасным стрэсе, з кавалкаў шылі шыкоўныя сукенкі. Кліенткі прыходзілі разьвітацца і плакалі ў мяне на грудзях», — апавядае Ганна-Марыя.

У мужа дызайнэркі Ўладзімера таксама пачаліся праблемы зь бізнэсам, зьявіліся вялікія даўгі. Пасьля рэзка ўзрасьлі цэны на лён:

«Я вытворчасьць прадала за капейкі. 7 гадоў выбудоўвала бізнэс, муж — 10, мы ўсё амаль імгненна страцілі. Мы прадалі дзьве кватэры, думалі аддаць усе даўгі і застацца ў Менску. Страшна было страчваць усё. Ведаеце, гэта як ваду трымаеш у далонях, а яна выцякае скрозь пальцы. Аддаўшы ўсё, што мелі, страціўшы бізнэс, заплаціўшы ўсе штрафы, якія павесілі на мужа, мы думалі, што адчэпяцца ад нас. Мы не хацелі выяжджаць. Не, нам усё адно пагражалі. У жніўні 2022 году зноў нам патэлефанавалі і запрасілі на гутарку. Вова рэзка сказаў: „Паехалі!“. Потым даведаліся, што мы ўжо невыязныя.

Калі выяжджалі, нічога нікому не сказалі. Узялі па адным партфэлі з самым неабходным», — дызайнэрка зноў ня стрымлівае сьлёзы.

«Нізкі паклон BySol»

Ганна-Марыя і Ўладзімер выехалі зь Беларусі ў жніўні. Плянавалі за верасень вызначыцца, дзе нарэшце спыняцца. Дабраліся спачатку да Пецярбургу, аб’ехалі ўсе межы — ад Эстоніі, Фінляндыі, Латвіі да Казахстана — нікуды не змаглі выехаць. У канцы кастрычніка захрасьлі ва Ўладзікаўказе.

«Там мая сяброўка абдурыла нас на 10 тысяч даляраў. Абяцала вывезьці праз Грузію. Вынесеце ў загаловак вялікімі літарамі: „Ніколі не аддавайце грошы на эмоцыях! Нікому — ні сябрам, ні знаёмым!“ Я ніколі не забуду апошнюю ноч, мы ў адчаі. Глядзім на зоркі, і тут прыходзіць рашэньне: BySol! Мы два месяцы пакутавалі, столькі грошай змарнавалі, мозг так атрафаваўся, што не маглі дадумацца, хто нам можа дапамагчы.

Нізкі паклон BySol — яны выратавалі нашу сям’ю. Так, была сур’ёзная вэрыфікацыя, ці мы гэта насамрэч. Не магу расказаць, як мы выехалі. Бо на 99% самі ня верылі, што вырвемся, думалі, будзем у кайданках, а потым у турме. І 1 лістапада нам усё ж удалося выехаць», — расказвае Ганна-Марыя.

Ганна-Марыя Эгліт
Ганна-Марыя Эгліт

«У Мэксыцы мы трапілі ў турму»

Вырашылі ехаць у Злучаныя Штаты. Дабіраліся праз Гішпанію, Дамінікану, Мэксыку. Дарога да Амэрыкі заняла паўгода. Грошай амаль не было. Але ўсё рабілі легальна: наймалі адваката, які зьбіраў доказы перасьледу, знайшлі паручальніка, які гарантаваў пражываньне на першы час у ЗША, падкрэсьлівае Ганна-Марыя.

«Гэтыя паўгода, якія мы дабіраліся да Амэрыкі — нібыта цэлае жыцьцё. Муж-айцішнік дабіраў у дарозе праекты. У Мэксыцы мы трапілі ў турму, гэта была жахліва. Але самае галоўнае — трэба ўсё рабіць легальна. Нелегальна, калі трапляеш празь дзірку, цябе могуць адправіць назад. Амэрыка такая краіна для жыцьця: калі хочаш добра жыць, жыві па правілах, правільна трэба рабіць дакумэнты, плаціць падаткі і г. д. Проста тут вельмі марудна робяць дакумэнты. І трэба быць гатовым першы год цяжка выжываць», — раіць Ганна-Марыя.

Ганна-Марыя Эгліт з мужам Уладзімерам і сынам Зэўсам
Ганна-Марыя Эгліт з мужам Уладзімерам і сынам Зэўсам

«На мяне амэрыканцы глядзяць з захапленьнем»

Ужо ў Амэрыцы Ганна-Марыя даведалася, што цяжарная. 5 месяцаў таму ў пары нарадзіўся сын Зэўс.

«Мы толькі пераехалі, новае жыльлё, легалізацыя, суды... У Менску былі праблемы: муж бізнэс згубіў, мы страцілі дзьве кватэры, жылі ў стрэсе, мы доўга ехалі. Я толькі ўладкавалася на працу, думала, што назьбіраю грошай, зараблю сабе на абсталяваньне, каб вярнуцца да вышываньня. А тут даведваюся, што я цяжарная. Зэўс, мабыць, чакаў, пакуль мы супакоімся.

Часта думаю: ці правільна я зрабіла? Мы рызыкнулі, шмат што страцілі. Але думаю, што правільна. Свабода — гэта самае дарагое, што ёсьць. Вось я цяпер у Амэрыцы, у мяне няма кліентаў, у мяне няма вытворчасьці, няма славы. У мяне іншыя прыярытэты — трэба зразумець, што я жывая, што ў мяне дзіця. Жыцьцё падзялілася на „да“ і „пасьля“», — разважае Ганна-Марыя.

Нядаўна да дызайнэркі нарэшце даехала валіза з вышыванкамі. Яна прызнаецца, што была як шавец бяз ботаў. Было шмат фота ў вышыванках, Ганна-Марыя магла ўзяць строй у краме на адзін паказ.

«А сваёй, каб у шафе вісела, не было! Мой муж з маёй калегай таемна дамовіліся, што яна мне пашые вышыванкі. Калі мы закрывалі вытворчасьць, яна мне перадавала чамадан з вышыванкамі. І гэты чамадан да мяне прыехаў праз паўгода ў Амэрыку. Як я чакала гэтыя строі!

Я ведаю, што ў мяне ёсьць вышыванка, гэта такі сябар, які заўсёды будзе са мной, калі я захачу вярнуцца да працы. Мне дасталася такая тэма, якая жыве сваім жыцьцём. Вышыванка выбрала мяне, я часта чую, як яна мяне кліча.

Такая магутнасьць і сіла сыходзяць ад вышыванкі! Я нават калі ў Нью-Ёрку надзяваю яе, на мяне амэрыканцы глядзяць з такім захапленьнем, пытаюцца: „Дзе можна купіць такую прыгажосьць?“. А ў мяне душа плача — здавалася б, усім бы пашыла. Але тут я ня ведаю, хто вышыўку добрую ўмее рабіць. Мне трэба ўсё пачынаць наноў», — дзеліцца Ганна-Марыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG