Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня толькі збожжа. Літва прапанавала павялічыць мыта на імпарт у ЭЗ рыбы і гародніны зь Беларусі і Расеі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Брусэлі 5 красавіка пачаўся разгляд прапановы Эўракамісіі пра павышэньне імпартных мытаў на расейскае і беларускае збожжа. Тым часам Літва прапанавала таксама павысіць іх на гародніну і рыбную прадукцыю з гэтых краінаў, паведамляе выданьне 15min.lt.

«Мы прапануем распаўсюдзіць адпаведныя захады хаця б на тыя катэгорыі, якія ў асноўным імпартуюцца ў Эўрапейскі Зьвяз — гародніну, рыбную прадукцыю. Мы лічым, што амаральна імпартаваць прадукцыю гэтых краін і дапамагаць акумуляваць прыбытак агрэсару, які фінансуе вайну ва Ўкраіне, і ў той жа час наносіць шкоду мясцовым вытворцам Эўразьвязу», — заявілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі Літвы.

Акрамя гэтага, у пятніцу на трохбаковай сустрэчы дэлегацый парлямэнтаў Літвы, Польшчы, Украіны і прадстаўнікоў аграрыяў гэтых краін была ўзгодненая дэклярацыя, мэтай якой зьяўляецца забарона імпарту ў гэтыя краіны і транзыту празь іх тэрыторыю расейскіх і беларускіх прадуктаў харчаваньня, расказаў старшыня літоўскага парлямэнцкага Камітэту па эканоміцы Казіс Старкявічус, паведамляе Delfi.

«Мы прынялі пяць важных пунктаў, якія будзем дапрацоўваць. Першы пункт тычыцца забароны экспарту і транзыту расейскіх і беларускіх прадуктаў харчаваньня, збожжа. Другі пункт — знайсьці шляхі для інтэрвэнцыйных закупак (...)», — сказаў Старкявічус і выказаў спадзяваньне, што прыняты дакумэнт «дапаможа знайсьці і эўрапейскія рашэньні».

Старшыня парлямэнцкага Камітэту ў сельскіх справах Літвы Віктарас Пранцкеціс адзначыў, што цяпер найперш неабходна забараніць транзыт і імпарт расейскага збожжа, і літоўскі парлямэнт можа прагаласаваць за такі закон ужо на наступным тыдні.

  • 22 сакавіка Эўракамісія апублікавала свае прапановы аб увядзеньні павышанага мыта на пастаўкі збожжа зь Беларусі і Расеі ў ЭЗ і пазбаўленьні гэтых краін доступу да квотаў на пастаўку збожжа на больш выгадных тарыфах. Згодна з прапановамі ЭК, мыта мусіць быць у памеры 95 эўра за тону, альбо 50% ад кошту тавару. Мытныя абмежаваньні, у прыватнасьці, будуць спаганяць пры пастаўках збожжа, алейных культур і прадуктаў перапрацоўкі зь Беларусі і Расеі.
  • Паводле Эўракамісіі, у 2023 годзе Расея экспартавала ў Эўразьвяз да 4,2 мільёна тон збожжа на 1,3 мільярда эўра. Аб’ёмы прадукцыі зь Беларусі ў ЭЗ у той жа час склалі 610 тысяч тон на 246 мільёнаў эўра.
  • У сакавіку Літва разам з Латвіяй, Эстоніяй, Польшчай і Чэхіяй заклікала Эўракамісію прааналізаваць магчымасьць абмежаваньня імпарту ў ЭЗ прадуктаў харчаваньня, якія паходзяць зь Беларусі і Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG