Міністэрства юстыцыі Беларусі прызначанае адказным за арбітражны разбор з расейскім АТ «Гранд Экспрэс». Расейская кампанія спрабуе спагнаць зь беларускіх уладаў 234 млн даляраў за зрыў мадэрнізацыі Асіповіцкага вагонабудаўнічага заводу, паведамляе Reform.by.
«Вызначыць Міністэрства юстыцыі для прадстаўленьня інтарэсаў Рэспублікі Беларусь у судах Рэспублікі Беларусь, судах і арбітражах па-за межамі Рэспублікі Беларусь па справе, зьвязанай з арбітражным разглядам непублічнага акцыянэрнага таварыства „Гранд Экспрэс“ (Расейская Фэдэрацыя) у Міжнародным цэнтры па ўрэгуляваньні спрэчак і даць дадзенаму міністэрству права ініцыяваць судовыя і (або) арбітражныя разборы, ажыцьцяўляць іншыя неабходныя дзеяньні», — гаворыцца ў пастанове ўраду Беларусі № 252 ад 4 красавіка 2024 году.
Дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 6 красавіка, ён набывае сілу з дня прыняцьця.
Мінюсту дазволілі наймаць спэцыялістаў у галіне права, экспэртаў, іншых асобаў для вырашэньня праблемы, а таксама фінансаваць расходы з рэспубліканскага бюджэту на разбор паводле артыкулу «іншыя агульнадзяржаўныя пытаньні».
Канфлікт АТ «Гранд Экспрэс» і беларускіх уладаў сыходзіць каранямі ў мінулае дзесяцігодзьдзе. Расейская кампанія валодала 74% акцый Асіповіцкага вагонабудаўнічага заводу, астатняя частка належала Беларускай чыгунцы. Плянавалася, што будзе пабудаваны новы завод вытворчай магутнасьцю 2,5 тысячы грузавых вагонаў і 2 тысячы танк-кантэйнэраў у год. Ужо пабудавалі карпусы, закупілі абсталяваньне, вагоны пачалі вырабляць, але ў 2015 годзе вытворчасьць спынілася. Беларускія ўлады вырашылі, што вінаваты расейскі інвэстар, і адабралі завод.
У 2018 годзе «Гранд Экспрэс» падала пазоў у Міжнародны цэнтар па ўрэгуляваньні інвэстыцыйных спрэчак (ICSID). Разьбіральніцтва доўжылася амаль 6 гадоў і 25 студзеня 2024 году трыбунал прыняў рашэньне: ён адхіліў пазоў расейскай кампаніі «пасьля таго, як выявіў, што яна ўдзельнічала ў ашуканскай схеме».
Гэта ня першы фундатар, які спрабуе абараніць свае правы ў ICSID. Нядаўна былы ўладальнік сонечнай электрастанцыі «Солар Лэнд» падаў пазоў супраць Рэспублікі Беларусь і асабіста Аляксандра Лукашэнкі. Спрабавалі судзіцца зь Беларусьсю і літоўскія кампаніі «Pavilniu saules slenis 14» і «Modus grupe», якія хацелі пабудаваць атэль каля аэрапорту «Менск».