МУС Фінляндыі патлумачыла рашэньне тым, што Расея працягвае накіроўваць да мяжы нелегальных мігрантаў.
Раней закрыцьцё мяжы працягвалася раз на два месяцы. Апошні тэрмін канчаўся ў сярэдзіне красавіка.
У лютым у Фінляндыі прайшлі выбары прэзыдэнта. Пераможцам на іх стаў Аляксандар Стуб. Неўзабаве пасьля абраньня ён заявіў, што Хэльсынкі ня будзе мець палітычных адносінаў з Масквой да завяршэньня вайны Расеі супраць Украіны.
- Наземныя памежныя пераходы на мяжы Расеі і Фінляндыі пачалі зачыняцца па рашэньні фінскіх уладаў у лістападзе мінулага году ў сувязі з наплывам грамадзян трэціх краінаў, галоўным чынам Блізкага Усходу і Афрыкі, якія прыбывалі на памежныя пункты з тэрыторыі Расеі і прасілі ў Фінляндыі палітычнага прытулку.
- Паводле закону прэтэндэнтаў на прытулак нельга адпраўляць назад, іх неабходна разьмясьціць у Фінляндыі да завяршэньня працэдуры разгляду прашэньня.
- Праваабаронцы і шэраг жыхароў Фінляндыі, асабліва тыя, хто мае ў Расеі сваякоў, крытыкавалі рашэньне ўладаў, заяўляючы, што яно парушае іх правы. МУС назвала закрыцьцё мяжы часовай і неабходнай мерай.