Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўцягвае Беларусь у вайну ці ён усё ж гарант міру? Які вобраз цяпер дамінуе


Аляксандар Лукашэнка ў Горадні, 2 красавіка 2024
Аляксандар Лукашэнка ў Горадні, 2 красавіка 2024

Ужо другі раз за кароткі час Аляксандр Лукашэнка наведвае заходнюю мяжу і выступае з ваяўнічымі заявамі. Такімі крокамі ён палохае грамадзтва і стварае вобраз, які атаясамліваецца з вайной.

Тым больш што гэта вобраз падмацоўвае рэальная палітыка афіцыйнага Менску. Але сацыёлягі даводзяць, што многія людзі нават на гэтым тле ўспрымаюць Лукашэнку як гаранта міру і няўцягваньня Беларусі ў вайну.

Сьцісла:

  • Лукашэнка заяўляе: «Мы рыхтуемся да вайны, я пра гэта кажу шчыра». Здавалася б, у такім разе слоган «Лукашэнка — гэта вайна» павінен быў трывала прычапіцца да яго. Аднак насамрэч усё больш складана і супярэчліва.
  • Многія ўспрымаюць Лукашэнку як гаранта міру. На тле рыторыкі і рэальных дзеяньняў беларускага кіраўніцтва ў гэтым бачыцца пэўны парадокс масавай сьвядомасьці.
  • Заявы Лукашэнкі, як звычайна, вельмі супярэчлівыя. Адначасова з ваяўнічай рыторыкай ён актыўна выкарыстоўвае міралюбівы тон.
  • Абываталь ацэньвае сытуацыю на кантрасьце з Украінай. У параўнаньні з той кровапралітнай вайной, якая ідзе ў суседняй дзяржаве, людзі па-іншаму ацэньваюць мір у сваёй краіне.
  • Вайна стала шокам для беларускага грамадзтва. Падчас такога псыхалягічнага стрэсу людзям патрэбна нейкае апірышча. І такое апірышча многія бачаць ва ўладзе, якой бы яна ні была.

2 красавіка падчас паездкі ў Горадзенскую вобласьць Лукашэнка заявіў:

«Мы рыхтуемся да вайны, я пра гэта кажу шчыра».

Трэба зазначыць, што падобнага кшталту рыторыку ён ужывае не ўпершыню. Напрыклад, 20 лютага падчас пашыранай нарады ў пытаньнях бясьпекі Лукашэнка маляваў карціну непазьбежнага канца сьвету:

«Абстаноўка ў свеце настолькі сур’ёзная, што неабходна адкінуць усе ілюзіі аб магчымасьці дыпляматычнага ўрэгуляваньня глябальнага канфлікту».

Галоўная выснова тады была зроблена такая: нас чакае вайна, «таму мы павінны быць да яе гатовыя і мэнтальна, і стратэгічна».

Такімі апакаліптычнымі заявамі Лукашэнка палохае народ і стварае вобраз, які атаясамліваецца з вайной. Тым больш што гэта вобраз падмацоўвае рэальная палітыка афіцыйнага Менску. Падтрымка нападу Расеі супраць Украіны робіць Беларусь саўдзельніцай агрэсіі, што зафіксавана ў дакумэнтах міжнародных арганізацый. Разьмяшчэньне на беларускай тэрыторыі расейскай ядзернай зброі стала крокам, які моцна павялічвае верагоднасьць уцягваньня Беларусі ў ваенны канфлікт. У краіне праводзіцца палітыка бясконцай мілітарысцкай ліхаманкі. Пастаянна ладзіцца праверка боегатоўнасьці вайсковых падразьдзяленьняў, арганізуюцца вучэньні, фармуюцца структуры тэрытарыяльнай абароны, народнага апалчэньня і інш.

Здавалася, у такім разе слоган «Лукашэнка — гэта вайна» павінен быў бы трывала прычапіцца да яго. Аднак насамрэч усё больш складана і супярэчліва. Вядома, што прыхільнікі і праціўнікі Лукашэнкі ў любым пытаньні ацэньваюць яго процілеглым чынам, што б той ні рабіў. Але тут важнае значэньне маюць настроі той публікі, якая вагаецца.

Розныя сацыялягічныя апытаньні апошніх двух гадоў фіксуюць пэўнае павялічэньне даверу насельніцтва да ўлады ў параўнаньні з 2020 годам. Гэта тлумачыцца і масавай эміграцыяй праціўнікаў існага рэжыму, і рэпрэсіямі супраць незалежных мэдыя і іх спажыўцоў, і вайной, якая хіснула ў бок улады ўсіх сыпматызантаў Расеі.

Але сацыёлягі даводзяць, што многія людзі ўспрымаюць Лукашэнку як гаранта міру і няўцягваньня Беларусі ў вайну. На тле рыторыкі і рэальных дзеяньняў беларускага кіраўніцтва ў гэтым бачыцца пэўны парадокс масавай сьвядомасьці. Чаму так адбываецца?

Ёсьць некалькі прычын такога парадоксу. Па-першае, заявы Лукашэнкі, як звычайна, вельмі супярэчлівыя. Адначасова з ваяўнічай рыторыкай ён актыўна выкарыстоўвае міралюбівы тон. Вось, напрыклад, падчас паездкі ў Горадзенскую вобласьць 2 красавіка разам з заявай, што «мы рыхтуемся да вайны», гучалі і іншыя наратывы:

«Я хочу, каб вы, вашы дзеці і ўнукі жылі ў спакойнай, мірнай краіне... Нікому ня верце, што мы хочам ваяваць».

Акрамя таго, Лукашэнка ўвесь час заклікае да спыненьня вайны ва Ўкраіне і да мірных перамоваў. Нават прапануе сябе ў якасьці пасярэдніка. Тое, што заклік адрасаваны толькі аднаму боку канфлікту (Украіне) і на практыцы азначае капітуляцыю Кіева, неяк застаецца «за кадрам».

І розная аўдыторыя чуе тое, што хоча чуць, то бок успрымае тую інфармацыю, якая супадае зь яе ўяўленьнямі.

Па-другое, абываталь ацэньвае сытуацыю на кантрасьце з Украінай. У параўнаньні з той кровапралітнай вайной, якая ідзе ў суседняй дзяржаве, людзі па-іншаму ацэньваюць мір у сваёй краіне.

Па-трэцяе, вайна стала шокам для беларускага грамадзтва, зьявіўся страх быць уцягнутымі ў ваенны канфлікт. Падчас такога псыхалягічнага стрэсу людзям патрэбна нейкае апірышча. І такое апірышча яны бачаць ва ўладзе, якой бы яна ні была. Іншай жа няма. Інстынкт самазахаваньня штурхае ў бок дзяржавы, каб неяк схавацца за яе плячыма.

Такім чынам, у некаторым сэнсе паўтараецца посткрымскі эфэкт. Нагадаю, што пасьля 2014 году Лукашэнка эфэктыўна выкарыстаў вайну ва Ўкраіне, захоп Расеяй Крыму і Данбасу, каб падвысіць свой рэйтынг. Тады ён беспраблемна правёў прэзыдэнцкую кампанію 2015 году, прапануючы грамадзтву бяспройгрышны мэсэдж: ня важна, што ў нас нізкія заробкі і пэнсіі, затое пануюць мір, спакой, бясьпека, параўнайце з тым, што творыцца ва Ўкраіне.

Пасьля 2020 году дзяржаўная прапаганда даводзіла, што калі б падчас прэзыдэнцкіх выбараў перамаглі праціўнікі Лукашэнкі, то ў Беларусь прыйшла б вайна. На першым часе гэта для абсалютнай большасьці беларусаў гучала дзікавата. Але пасьля нападу Расеі на Ўкраіну 24 лютага 2022 году такі тэзіс пачаў успрымацца пэўнай часткай насельніцтва як праўдападобны сцэнар.

Па-чацьвёртае, спрацоўвае чыньнік, калі людзі паўсьвядома адрынаюць непрыемную, нэгатыўную інфармацыю. Напрыклад, ня хочуць верыць, што Беларусь удзельнічае ў вайне, што зь беларускай тэрыторыі адбыўся напад на Ўкраіну. Таму інстынктыўна хаваюцца ад рэальнасьці за зручнымі мітамі, якія прапануе афіцыйная прапаганда.

А сам Лукашэнка маніпулюе сэнсамі «мір» і «вайна», каб падтрымліваць сытуацыю напружанасьці ў грамадзтве, штучна ствараць сытуацыю «крэпасьці ў аблозе», каб мабілізаваць дзяржаўны апарат і чыніць жорсткі перасьлед апанэнтаў. Так гуляць са страхамі людзей перад вайной можна дастаткова доўга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG