Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніну Багінскую аштрафавалі на 2000 рублёў за маленькі значок на вопратцы


Ніна Багінская. Архіўнае фота
Ніна Багінская. Архіўнае фота

Суд Савецкага раёну Менску аштрафаваў вядомую грамадзкую актывістку Ніну Багінскую на 2000 рублёў (50 базавых велічыняў), паведамляе «Белсат». Падставай для абвінавачаньня стаў значак з выявай нацыянальнага сьцяга, які быў на вопратцы Багінскай.

Тое, што Ніна Багінская мела на каўнерыку маленькі значак, міліцыянты кваліфікавалі як «несанкцыянаваны пікет». Судзьдзя Аляксандар Супічэнка пагадзіўся зь міліцыянтамі і прысудзіў Багінскай штраф.

Таксама ў сваёй пастанове судзьдзя напісаў, што «значак белага колеру з выявай белага і чырвонага колеру» належыць зьнішчыць.

Вядома, што 20 сакавіка Багінская была ў кватэры сына, калі туды прыйшлі сілавікі зь ператрусам. Яны забралі ўсе носьбіты інфармацыі, а таксама тры сьцягі і плякат з Пагоняй, якія належаць Ніне Багінскай.

У той жа дзень Багінская пайшла ў Сьледчы камітэт, каб высьветліць лёс забраных рэчаў. Крыніцы «Белсату» паведамілі, што дзяжурны выклікаў у будынак СК міліцыянтаў і тыя затрымалі жанчыну. У аддзеле міліцыі Партызанскага раёну міліцыянты зьнялі маленькі значак з выявай нацыянальнага сьцяга з каўнера паліто, у якое была апранута Багінская. На яе склалі пратакол за «нашэньне экстрэмісцкай атрыбутыкі» і адпусьцілі дадому.

  • У 76-гадовай грамадзкай актывісткі назьбіралася вялікая сума неаплачаных штрафаў за «несанкцыянаваныя мерапрыемствы».
  • Шмат гадоў яна выходзіла зь бел-чырвона-белым сьцягам у цэнтар Менску ў дні нацыянальных сьвятаў, памятныя даты ці на знак пратэсту, нават калі была зусім адна.
  • У 2020-м яна стала адным з сымбаляў пратэстаў. Пазьней яна рабіла адзіночныя пікеты.
  • За апошнія гады Багінскую аштрафавалі на некалькі тысяч даляраў, але яна прынцыпова адмаўлялася выплачваць штрафы. За гэта ў яе арыштавалі маёмасьць, прымусова здымалі частку пэнсіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG