Лілеце Юстыновіч было 85 гадоў. Яна паходзіла зь Менску, была інжынэрам па прафэсіі і пяць гадоў працавала ў расейскім Брацку. Затым вярнулася на радзіму.
Яна мела вялікую калекцыю кніг, многія з тамоў затым раздавала моладзі, каб чытала і напаўнялася ведамі. Доўгі час была сталай наведніцай тэатру, але з надыходам нацыянальнага Адраджэньня ў канцы 80-х стала актыўна ўдзельнічаць у маршах і шэсьцях. Шмат размаўляла з моладзю, дыскутавала на тэму будучыні Беларусі, яе нацыянальнага аблічча.
Лілета Юстыновіч жыла ў самым цэнтры Менску, але часта гаварыла пра Лоск на Валожыншчыне. Урэшце там пасялілася яе дачка зь сям’ёй. Менавіта там пахаваюць і «спадарыню Лету», як яе называлі тыя, хто яе знаў.
Пра сьмерць стала вядома з допісаў сяброў Лілеты Юстыновіч у сацыяльных сетках.
Людзі прыгадваюць, як гэтая невялікая жанчына ў нязьменнай карункавай палярыне, мужна стаяла на маршах пратэсту і нацыянальных акцыях нават пры спробах іх разгону сілавікамі.
Пахаваюць Лілету Юстыновіч у Лоску ў суботу, 30 сакавіка, а 13-й гадзіне.