Адказнасьць за напад 22 сакавіка ўзяла на сябе баявая групоўка «Ісламская дзяржава» (ІД), якую прызналі тэрарыстычнай у многіх краінах сьвету. Афіцыйныя асобы ЗША заявілі, што за інцыдэнтам стаіць рэгіянальнае аддзяленьне групы — «Ісламская дзяржава Харасан» (IД-Х).
Гэтая галіна арганізацыі базуецца ў Афганістане і раней ужо атакавала расейскую амбасаду ў Кабуле і пагражала зьдзейсьніць напады ўнутры Расеі.
Што пра гэтую групоўку вядома?
Аўтар артыкула Фруд Бежан, у матэрыяле выкарыстаны напрацоўкі Рыда Стэндзіша і Ніла Баўдлера.
Калі зьявілася «ІД-Харасан»?
Рэгіянальная галіна «Ісламскай дзяржавы» была заснаваная ў Афганістане ў канцы 2014-га, у тым жа годзе, калі «ІД» захапіла значныя тэрыторыі Іраку і Сырыі і заявіла аб самаабвешчаным халіфаце або дзяржаве, якая кіруецца законам шарыяту. Пазьней «Ісламская дзяржава» пацярпела паражэньне ад кааліцыі пад кіраўніцтвам ЗША.
«ІД-Харасан» спачатку захапіла невялікія ачагі тэрыторыі ва ўсходнім і паўночным Афганістане ў межах шырэйшых амбіцый экспансіі па Паўднёвай і Цэнтральнай Азіі. Назва «Харасан» — гэта тапонім, які абазначае гістарычны рэгіён, што ахоплівае часткі сучаснага Афганістана, Ірана і Цэнтральнай Азіі.
Але «ІД-Харасан» пачала адыходзіць са сваіх тэрытарыяльных апорных пунктаў у Афганістане прыкладна ў 2019 годзе, пасьля таго як трапіла пад узмоцненыя агнявыя атакі з боку афганскіх і замежных сіл, а таксама «Талібана», іншай баявой групоўкі. Тады «ІД-Харасан» пачала прымяняць новую стратэгію вайны ў гарадзкой забудове.
Адкуль паходзяць баевікі «ІД-Харасан»?
Галіну «ІД» заснавалі незадаволеныя члены афганскага «Талібана», пакістанскай групоўкі «Талібан», таксама вядомай як Тэхрык-і-«Талібан» Пакістан і «Аль-Каіды», якія заявілі аб прыхільнасьці «ІД».
З гадамі шэрагі «ІД-Харасан» папаўняліся мясцовымі навабранцамі і замежнымі байцамі, асабліва з былых савецкіх рэспублік Цэнтральнай Азіі.
У справаздачы Рады Бясьпекі ААН, апублікаванай у чэрвені 2023 году, гаворыцца, што сярод баевікоў «ІД-Харасан» былі грамадзяне Пакістана, Ірана, Азэрбайджана, Турэччыны, Расеі, Таджыкістана, Узбэкістана і невялікая колькасьць арабскіх баевікоў з Сырыі, якія прыбылі ў Сырыю з Афганістана.
Рада Бясьпекі ААН заявіў, што колькасьць баевікоў «ІД-Харасан» у Афганістане вагаецца «ад 4000 да 6000», уключаючы сем’і. Некаторыя экспэрты лічаць, што гэтая лічба значна меншая.
Якія атакі зьдзейсьніла «ІД-Харасан»?
Арганізацыя «ІД-Харасан» раней атакавала афганскія і міжнародныя сілы, а таксама Талібан. Групоўка таксама рабіла атакі на рэлігійныя меншасьці Афганістана.
У жніўні 2021 года, калі замежныя войскі выводзілі з Афганістана, групоўка зьдзейсьніла адну з самых гучных атак, забіўшы 170 мірных жыхароў Афганістана і 13 вайскоўцаў ЗША ў міжнародным аэрапорце Кабула.
Пасьля таго, як «Талібан» захапіў уладу ў Афганістане, «ІД-Харасан» пачала нападаць на афіцыйных асоб «Талібана», на замежных грамадзян і пасольствы, афганскую грамаду хазарэйцаў, якія вызнаюць шыізм, і іншых асоб, якіх яна лічыць несумяшчальнымі зь яе ўласнай радыкальнай інтэрпрэтацыяй ісламу.
21 сакавіка «ІД-Харасан» узяла на сябе адказнасьць за напад каля банка ў горадзе Кандагар на поўдні Афганістана, у выніку якога загінуў сама меней 21 чалавек, большасьць зь якіх былі членамі «Талібана».
Група таксама зьдзяйсьняла атакі за межамі Афганістана.
У студзені «ІД-Харасан» абвінавацілі ў забойстве больш як 90 чалавек у горадзе Керман на поўдні Ірана, што стала самым масавым нападам у ісламскай рэспубліцы за апошнія дзесяцігодзьдзі.
Экспэрты кажуць, што «ІД-Харасан» застаецца стойкай сілай, нягледзячы на тое, што сотні яе байцоў былі арыштаваныя ці забітыя «Талібанам» пасьля 2021 года.
«ІД-Харасан» зьяўляецца, мабыць, самым актыўным і магутным з усіх рэгіянальных філіялаў «Ісламскай дзяржавы» сёньня«, — кажа Майкл Кугельман, дырэктар Інстытута Паўднёвай Азіі Цэнтра Вільсана ў Вашынгтоне.
Чаму «ІД-Харасан» можа стаяць за тэрактам у Расеі?
У верасьні 2022 года групоўка ўзяла на сябе адказнасьць за тэракт, учынены сьмяротнікам каля пасольства Расеі ў Кабуле, у выніку якога загінулі сама меней шэсьць чалавек, у тым ліку двое супрацоўнікаў пасольства.
Напад не зьдзівіў аглядальнікаў, якія заявілі, што «ІД» даўно пагражала зьдзейсьніць атакі ўнутры Расеі.
Лукас Уэбэр, сузаснавальнік і рэдактар MilitantWire.com, сказаў, што «ІД» першапачаткова называла Расею, побач са Злучанымі Штатамі, галоўным сваім ворагам.
«Гэта толькі ўзмацнілася ў 2015 годзе, калі Расея ажыцьцявіла ваеннае ўмяшаньне ў Сырыі, каб падтрымаць урад», — сказаў ён, маючы на ўвазе падтрымку Масквой прэзыдэнта Башара аль-Асада ў грамадзянскай вайне ў Сырыі.
«І гэта працягвала ўзмацняцца пасьля разнастайных ваенных умяшаньняў з боку дзяржавы, а таксама з боку ПВК Расеі ў Афрыцы», падчас якіх баевікі «ІД» былі таксама мэтамі нападаў і ўдараў, дадаў Уэбэр.
Экспэрты лічаць, што падтрымка Масквой «Талібану» таксама магла стаць матывам нападу.
Расея, як і большасьць міжнароднай супольнасьці, не прызнае ўраду «Талібана» і афіцыйна лічыць радыкальную ісламісцкую групу тэрарыстычнай арганізацыяй. Але ў рэальнасьці ў Маскве неаднаразова прымалі афіцыйных асоб «Талібана» і Расея зьяўляецца адной зь нямногіх краін, якія пакінулі сваё пасольства ў Кабуле пасьля таго, як кантроль над Афганістанам і яго сталіцай устанавіў «Талібан».