25 сакавіка ў цэнтры чэскай сталіцы прайшло ўрачыстае адкрыцьцё Офісу беларускіх дэмакратычных сілаў. Новая прастора прыняла да 50 гасьцей: гэта прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай апазыцыі, амбасадары ЗША і шэрагу эўрапейскіх краінаў, а таксама чэскія палітыкі: сэнатары і супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў.
Галоўным госьцем стаў міністар замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі, які сказаў, што яму асабліва прыемна прысутнічаць на такім мерапрыемстве менавіта 25 сакавіка, на Дзень Волі.
«Адкрыцьцё офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе — важны момант, які сымбалізуе традыцыйны чэскі пункт прыярытэту: падтрымку дэмакратыі і свабоды. Чэхія і ЭЗ заўсёды трымаюцца на баку тых, хто выразна выказвае сваё жаданьне свабоды, дэмакратыі і вяршэнства права».
Ён выказаў падтрымку беларускім дэмакратычным сілам, незалежным мэдыя і палітзьняволеным і запэўніў, што Чэхія будзе падтрымліваць іх і далей. Паводле яго, адкрыцьцё офісу мае стаць мостам паміж беларускай, чэскай і эўрапейскай грамадзянскай супольнасьцю.
Гасьцей таксама прывітала Сьвятлана Ціханоўская, кажучы, што адкрыцьцё Офісу — гэта вялікая падзея для беларуска-чэскіх адносінаў:
«Чэхія заўсёды была чэмпіёнам па падтрымцы дэмакратычнай Беларусі. З часоў Вацлава Гавэла Чэская Рэспубліка падтрымлівала беларускую грамадзянскую супольнасьць, незалежныя СМІ і праваабаронцаў. Чэхія прымала беларускіх бежанцаў, студэнтаў і іншых. Адкрыцьцё гэтага офісу пачынае новую главу ў нашых адносінах. Гэта пасылае магутны мэсыдж беларускаму народу, які змагаецца за свабоду: „Вы не самотныя ў сваёй барацьбе, мы з вамі“. Гэта таксама паказвае, што вы адрозьніваеце рэжым ад беларускага народу».
Сьвятлана Ціханоўская прыгадала словы Вацлава Гавэла, які сказаў: «Адзіная прайграная справа — гэта тая, ад якой мы адмаўляемся, перш чым уступіць у барацьбу». Яна расказала, што Гавэл адыграў важную ролю ня толькі для чэхаў, але і для беларусаў, бо ён настойваў на тым, што Беларусь павінна быць сябрам ЭЗ, ён быў вялікім абаронцам палітвязьняў, і апошні ягоны ліст быў адрасаваны менавіта беларусам.
Ціханоўская таксама нагадала, што ў гэты дзень беларусы сьвяткуюць Дзень Волі.
«106 гадоў таму Беларуская Народная Рэспубліка абвясьціла сваю незалежнасьць. На жаль, гэта быў толькі пачатак нашага шляху да незалежнасьці. Але на гэтым шляху мы заўсёды адчуваем падтрымку сяброў».
Пасьля гэтых словаў яна ўручыла міністру Яну Ліпаўскаму Крыж добрасуседзтва, які ўручаецца іншаземцам, якія ўнесьлі асаблівы ўклад у беларускую справу.
Чым займаецца прадстаўніцтва дэмакратычных сілаў у Чэхіі
Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы існуе з 17 лістапада 2022 году. З таго часу ягоныя прадстаўнікі рэалізавалі шэраг праектаў, скіраваных на дапамогу ўразьлівым групам з Беларусі — напрыклад, летнік для дзетак палітвязьняў у Празе, іншыя рэабілітацыйныя праграмы.
«Мы лабіравалі, каб Чэхія прыняла людзей з групы беларускага студэнцтва, якія праходзілі па адной справе. Пасьля таго як яны адбылі несправядлівыя тэрміны, стала вядома, што Чэхія гатовая прапанаваць ім урадавыя стыпэндыі. Таксама рэалізавалі рэабілітацыю для іх і іх блізкіх», — расказала кіраўніца праскага Офісу Крысьціна Шыянок.
Памяшканьне шукалі амаль год.
«У выніку мы спыніліся на камэрцыйным варыянце. Але гэты варыянт нам вельмі пасуе ня толькі лякацыяй, але і таму, што ўласьнік усяго будынку падтрымлівае нашу барацьбу і ў 2020 годзе сачыў за падзеямі ў Беларусі. Мы хацелі месьціцца там, дзе рады Беларусі», — працягвае Крысьціна Шыянок.
Цяпер у сьценах офісу беларусы могуць ладзіць палітычныя і культурніцкія сустрэчы і дыскусіі. Сюды могуць зьвяртацца па дапамогу тыя, хто апынуўся ў Чэхіі.
«Тут ужо пабывалі некаторыя палітзьняволеныя, якія апынуліся ў Чэхіі ня ў межах праграмаў, а самастойна. Некаторым зь іх патрэбная дапамога, кансультацыя, што тычыцца падачы на міжнародную абарону, а некаторым зь іх патрэбная простая размова. Што мяне цешыць — калі гэтыя людзі сыходзілі, то казалі, што ні пра што не шкадуюць. Яны бачаць, што за той час, што яны змагаліся ў турме, мы таксама не сядзелі склаўшы рукі і спрабавалі трымаць беларускі парадак дня».
Крысьціна Шыянок зьвяртае ўвагу, што цяпер у кантэксьце расейскай агрэсіі супраць Украіны вельмі важна, каб былі падобныя цэнтры ў асобных краінах, якія будуць трансьляваць мэсыдж, што Беларусь ня роўная Расеі, а беларускі народ ня роўны Лукашэнку.
«Я спадзяюся, што цяпер наш голас будзе мацнейшы, таму што мы зможам гэта даносіць і празь мерапрыемствы і імпрэзы, якія ладзяцца тут. Самае галоўнае, што ўрачыстае адкрыцьцё адбылося пры ўдзеле ня толькі міжнародных дыпляматаў, але і асабіста міністра замежных спраў Чэхіі, што зьяўляецца доказам арыентацыі краіны».
Шыянок расказала, што пасьля заканчэньня афіцыйнай часткі яна мела кароткую размову зь міністрам Ліпаўскім пра тое, што варта больш дыфэрэнцыяваць Беларусь і Расею, у тым ліку і на візавым узроўні.
Хто такая Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.
- Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
- 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
- Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
- Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
- Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
- З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
- Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
- 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
- 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
- Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
- Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
- Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
- За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
- Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
- У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
- Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
- У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
- У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам