Падрабязнасьці справы з спасылкай на пастанову суду паведаміла выданьне BG.media.
Суд Ленінскага раёну Берасьця 11 сакавіка разгледзеў адміністрацыйную справу паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Судзілі ўраджэнца Расеі, які мае беларускае грамадзянства. З пастановы суду таксама вядома, што ў яго ёсьць вышэйшая адукацыя, а працуе ён у МУС. Жыве ў Берасьці, выхоўвае непаўналетняе дзіця і даглядае маці з інваліднасьцю.
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён падпісаўся ў Facebook на старонку на літару «T»уключаную ў «сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» рашэньнем суду Чыгуначнага раёну Віцебску.
9 сакавіка сілавікі вывучылі пляншэт мужчыны, дзе і знашлі «экстрэмісцкую» падпіску. Берасьцейца затрымалі ў той жа дзень.
Падчас суду ён патлумачыў, што падпісаўся на старонку, калі яна яшчэ не была прызнана «экстрэмісцкай». Пазьней ён даведаўся пра існаваньне сьпісу такіх матэрыялаў і адпісаўся ад большасьці «забароненых» інтэрнэт-рэсурсаў у сацсетках. Па няўважлівасьці засталася толькі падпіска на «старонку T» у Facebook. Да яе ягоныя калегі і прычапіліся.
Мужчыну прызналі вінаватым у «распаўсюдзе экстрэмізму» і прызначылі 15 дзён адміністрацыйнага арышту.