Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе ўрачыста адкрылі памятны знак Францішку Скарыну


Яго ўсталявалі на Старамесцкай плошчы ў самым цэнтры чэскай сталіцы. Менавіта ў Празе ў 1517 годзе была выдадзена першая друкаваная кніга на старабеларускай мове.

У цырымоніі адкрыцьця ўзяла ўдзел дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская выступае на цырымоніі
Сьвятлана Ціханоўская выступае на цырымоніі

Памятны знак усталявалі ў бруку тратуара. Ён зроблены з бронзы і важыць каля 10 кіляграмаў. На знаку лацінскі надпіс «Domvs Severini Institoris» («Дом купца Севярына») і прамяністае сонца з прытуленым маладзіком.

Менавіта на Старамесцкай плошчы, паводле некаторых дасьледчыкаў, месьцілася друкарня, якую арандаваў Скарына. Яна была заснавана пры падтрымцы віленскіх мэцэнатаў Якуба Бабіча і Багдана Онькава. У друкарні з 1517 па 1519 гады Скарына выдаў ня менш за 23 кнігі Старога Запавету.

Падчас цырымоніі
Падчас цырымоніі

Элемэнты памятнага знаку маюць незвычайны люстраны выгляд для перайманьня друкарскай літары. Зь яго дапамогай можна надрукаваць знак Скарыны на паперы, калі нанесьці на яго фарбу і прыкласьці аркуш. Падчас урачыстага адкрыцьця такі адбітак зрабілі на белых майках. Адну зь іх уручылі Сьвятлане Ціханоўскай.

Ініцыятарам усталяваньня памятнага знаку выступіла амбасада Літвы ў Чэхіі, Польскі інстытут у Празе, таксама далучыўся Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі. Аформіў знак чэскі мастак Іржы Алтман.

Знайшоў жа месца, дзе месьцілася друкарня Скарыны, славіст і скарыназнаўца Ільля Лямешкін. На думку Лямешкіна, друкарня была зроблена ў доме купца Севярына на сёньняшняй Мікуласкай вуліцы ў цэнтры Прагі. Будынак да нашых часоў не захаваўся: ён быў зьнесены, а на яго месцы пабудавалі крыло Старамесцкай ратушы. Падчас Праскага паўстаньня ў 1945 годзе нямецкія войскі абстралялі ратушу, яна згарэла. Цяпер на яе месцы сквэр.

Таксама ў сталіцы Чэхіі ёсьць помнік Францішку Скарыну і памятная дошка на сьцяне Нацыянальнай бібліятэкі.

Памятная дошка Францішку Скарыну на сьцяне нацыянальнай бібліятэкі ў Празе.
Памятная дошка Францішку Скарыну на сьцяне нацыянальнай бібліятэкі ў Празе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG