Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блізкае да «Ісламскай дзяржавы» агенцтва апублікавала фота меркаваных нападнікаў на «Крокус»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Агенцтва «Амак», блізкае да тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава», апублікавала фатаграфію, на якой, як сьцьвярджаецца, чатыры чалавекі, якія ўчынілі ўвечары ў пятніцу напад на падмаскоўную канцэртную залю «Крокус Сіці Хол».

Пра гэта паведамілі акаўнты, якія займаюцца дасьледаваньнем джыхадысцкіх груповак, адзначае ў прыватнасьці The Jerusalem Post і іншыя СМІ.

Як адзначаеThe Insider, колер, крой і прынт на вопратцы дваіх з іх супадае з адзеньнем затрыманых па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні тэракту.

З паведамленьняў «Амак» вынікае, што «Ісламская дзяржава» узяла на сябе адказнасьць за тэракт, які сама групоўка назвала «самым жорсткім нападам за апошнія гады». У паведамленьні гаворыцца, што чацьвёра нападнікаў былі ўзброены кулямётамі, пісталетам, нажамі і запальныя бомбамі. Сьцьвярджаецца, што тры з іх пачалі страляць па гледачах у зале, а чацьвёрты ажыцьцяўляў падпал, выкарыстоўваючы загадзя падрыхтаваныя для гэтай мэты запальныя бомбы.

Расейскія ўлады сьцьвярджаюць, што ў сувязі з тэрактам, ахвярамі якога, паводле афіцыйных дадзеных, сталі больш за 130 чалавек, былі затрыманыя 11 падазраваных, у тым ліку чацьвёра непасрэдных выканаўцаў. Афіцыйна іх імёны не называюцца.

МУС Расеі заявіла, што сярод іх няма расейскіх грамадзян, не ўдакладніўшы, якое грамадзянства ў падазроных. Адзін з іх — 19-гадовы ўраджэнец Душанбэ, меркавана грамадзянін Таджыкістана, які, як высьветліла Радыё Свабода, быў падпісаны ў сацсетках на ісламскія паблікі. Пры затрыманьні ён, як мяркуецца, быў паранены.

Відэа допыту другога затрыманага апублікавала галоўны рэдактар RT Маргарыта Сіманян. Ён сьцьвярджае, што за тэракт яму абяцалі заплаціць 500 тысяч расейскіх рублёў. Яго адзеньне на відэа супадае з адзеньнем аднаго з людзей на фатаграфіі, апублікаваным агенцтвам «Амак».

Расейскія тэлеграм-каналы таксама публікуюць відэа, на якім, як мяркуецца, пры затрыманьні аднаго з падазраваных (яго імя не называецца) яму спачатку адразаюць частку вуха, а затым спрабуюць прымусіць яго яе праглынуць. Дзе і калі зьнята відэа і хто на ім, дакладна невядома, афіцыйныя асобы яго не камэнтавалі, аднак шэраг папулярных праваенных каналаў публікуюць яго, як правіла, з нэўтральнымі камэнтарамі.

Між тым, крыніца ВВС, знаёмая з ходам апэрацыі па пошуку нападнікаў, сьцьвярджае, што як мінімум нападнікаў былі забітыя, прычым адзін — яшчэ ў канцэртнай залі, а другі — у Бранскай вобласьці пры затрыманьні. Пашпарт забітага ў Бранскай вобласьці, як сьцьвярджаецца, ёсьць у распараджэньні ВВС, гэта 30-гадовы грамадзянін Таджыкістана. Яго імя пакуль не называецца. Афіцыйна расейскія ўлады не паведамлялі пра забітых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG