Адказнасьць на сябе ўзяла групоўка «Ісламская дзяржава», якая ў многіх краінах сьвету прызнана тэрарыстычнай. Сапраўднасьць заявы групоўкі ананімна пацьвердзілі амэрыканскія крыніцы газэты New York Times, тэлеканал CBS News, а таксама інфармацыйнае агенцтва Reuters. Амэрыканскія ўлады лічаць, што за нападам можа стаяць аўганская ячэйка «Ісламская дзяржавы» — «Вілаят Харасан».
Што вядома пра «Вілаят Харасан»
Ваенны аналітык і былы афіцэр паліцыі Ізраіля Сяргей Мігдаль у размове з Настоящим временем, выказаў меркаваньне, што напад мог быць сапраўды арганізаваны аўганскім крылом «Ісламскай дзяржавы». На яго думку, гэта зьвязана з тым, што пасьля вываду амэрыканскіх і заходніх войскаў з Аўганістана Расея ўстанавіла дружалюбныя адносіны з «Талібанам».
«А што там адбылося пасьля сыходу амэрыканцаў, пасьля ганебнага сыходу прэзыдэнта Байдэна ўлетку 2021 гады? Да ўлады прыйшоў „Талібан“. І раптам апынулася, што „Талібан“, які быў, як вы ведаеце, забаронены, у тым ліку лічыцца экстрэмісцкай забароненай арганізацыяй у Расеі шмат гадоў і да гэтага часу, раптам апынуўся ці ледзь не сябрам расейскай улады. Барадатыя талібы разгульваюць вольна па Пецярбургскім эканамічным форуме, хутка будуць там удзельнічаць у якіх-небудзь конкурсах песьні і скокаў і ў біятлоне разам з кітайцамі і беларусамі. Вельмі шчыльныя сувязі з гэтым „Талібанам“, але вось тут пачынаецца праблема, таму што ў „Талібана“ ёсьць ворагі і галоўны, самы сьмяротны і страшны вораг „Талібана“ гэта менавіта „Вілаят Харасан“, гэта значыць аўганскае аддзяленьне „Ісламскай дзяржавы“...
Менавіта „Ісламская дзяржава“ уяўляе галоўную пагрозу і адкрыта змагаецца за ўладу ў Кабуле, зьдзяйсьняе наймагутныя тэракты супраць улады „Талібана“, забівае яго палявых камандзіраў і функцыянэраў і абвінавачвае ў тым, што „Талібан“ занадта мяккі, занадта гуманістычны і недастаткова чысты ў сваіх дамаганьнях на чысьціню ісламу, у адрозьненьне ад „Ісламскай дзяржавы“».
«Ісламская дзяржава» таксама выступае супраць уладаў Ірана, аднаго з галоўных саюзьнікаў Расеі на Блізкім Усходзе. Напрыклад, падчас цырымоніі памяці забітага генэрала Касема Сулеймані ў Іране, больш за сто чалавек загінулі ў выніку выбухаў, якія ўчыніла «Вілаят Харасан».
«Расея практычна адкрыта падтрымлівае цяпер „Талібан“. Чаму? Таму што Іран і „Талібан“ супраць Амэрыкі, а не таму што ў Крамлі так любяць спосабы ўвядзеньня ісламскіх практык рэжымам „Талібана“ або шыіцкімі іранскімі аяталамі. І ўсё гэта ўжо назапашвалася апошнія месяцы, гэта значыць практычна „Ісламская дзяржава“ і яго аўганскае аддзяленьне бачаць Расею як практычна галоўную апору сваіх двух галоўных ворагаў, а менавіта рэжыму аятол у Іране і рэжыму „Талібана“ у Аўганістане. І яны ўжо сёе-тое прадпрымалі, гэта значыць нападаюць ня толькі на функцыянэраў „Талібана“ і на іранскіх паліцыянтаў вайскоўцаў, але быў напад некалькі месяцаў назад на расейскую амбасаду ў Кабуле... Цяпер у Падмаскоўі, гэта значыць для іх зараз Расея стала больш галоўным ворагам, чым ЗША і краіны Заходняй Эўропы, якія выйшлі з Аўганістана практычна цалкам».
Папярэджаньні і нібы датычнасьць Украіны і Захаду
Спэцслужбы некалькіх краінаў, у тым ліку ЗША, раней папярэджвалі Расею, што на тэрыторыі Масквы можа рыхтавацца напад на канцэртныя пляцоўкі з боку тэрарыстычных груп. Тады Ўладзімір Пуцін назваў гэтыя паведамленьні шантажом і правакацыяй.
Тым ня менш нават пасьля таго, як групоўка «Ісламская дзяржава» узяла на сябе адказнасьць за напад, Уладзімір Пуцін у сваім звароце 23 сакавіка абвінаваціў Украіну ў арганізацыі тэракту і дапамогі нападнікам. У расейскіх дзяржаўных СМІ таксама актыўна пішуць аб датычнасьці Украіны і «сьледзе Захаду». На думку ваенна-палітычнага аналітыка і кандыдата гістарычных навук Юрыя Фёдарава, гэты напад Крэмль будзе выкарыстоўваць у палітычных мэтах для працягу і апраўданьня вайны супраць Украіны:
«У расейскай тэрміналёгіі ёсьць нейкія выканаўцы і ёсьць тыя, каго яны называюць „лялькаводамі“, гэта значыць тыя, хто, увогуле, так ці інакш, накіроўваў, арганізоўваў, падштурхоўваў гэты тэрарыстычны акт. Было сказана прыкладна так, што мы разумеем, мы ведаем, гэта элемент вось той вайны, якую Захад вядзе супраць Расеі... Гэта старая песня, якая, увогуле, даўно ўжо выконваецца расейскай прапагандай і палітычнымі фігурамі, яшчэ з часоў тэрактаў пачатку 2000-х гадоў. Тады ясна давалі зразумець, што мы вось ведаем, што з аднаго боку, так, гэта нейкія ісламскія экстрэмісты, тэрарысты з Паўночнага Каўказу або аднекуль з арабскіх краін, але мы ведаем, што накіроўваў, а накіроўваў іх Захад.
Яны маглі ведаць [пра падрыхтоўку тэракту], хутчэй за ўсё меркавалі, маглі ведаць, але сьвядома ці несьвядома, увогуле, дазволілі гэтай трагедыі зьдзейсьніцца. Ва ўсіх папярэдніх выпадках такія буйныя тэрарыстычныя акты ў Расеі, мы гэта ведаем, ці то 1999-й год выбуху ў Маскве, ці то Дуброўка, ці то тэракт у Асеціі, калі школу захапілі, усе яны потым выкарыстоўваліся для нейкіх палітычных мэт тымі ці іншымі коламі, якія так ці інакш набліжаныя да ўлады, набліжаныя да Крамля».