Днём 23 сакавіка кіраўнік ФСБ Аляксандар Бортнікаў даклаў Пуціну пра затрыманьне 11 падазраваных у сувязі з нападам на «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі, сярод затрыманых — чацьвёра непасрэдных удзельнікаў тэракту, паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу Крамля.
У ФСБ таксама сьцьвярджаюць, што чатыры меркаваныя тэрарысты нібыта мелі сувязі з Украінай і зьбіраліся перайсьці мяжу з Украінай пасьля нападу.
Прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Андрэй Юсаў назваў хлусьнёй і «лухтой» заявы ФСБ пра «ўкраінскі сьлед» у тэракце: «Уявіць сабе, што пасьля больш як 2 гадоў поўнамаштабнага ўварваньня тэрарысты накіроўваюцца ў прымежныя рэгіёны, якія больш за ўсё насычаныя зараз сілавікамі, спэцслужбамі і ўласна вайскоўцамі, я думаю, што тут камэнтары залішнія», — прыводзіць словы Юсава «РБК-Украіна».
СК Расеі завёў крымінальную справу па артыкуле аб тэракце. Учора расейскія СМІ паведамлялі, што пасьля тэракту нападнікам удалося схавацца на аўтамабілі.
23 сакавіка тэлеграм-каналы Baza і «Осторожно, новости» пісалі, што ў Бранскай вобласьці спынілі аўтамабіль, на якім маглі схавацца нападнікі: у машыне знаходзіліся 6 чалавек, нібыта грамадзяне Таджыкістану, дваіх затрымалі. МЗС Таджыкістану назвала інфармацыю фэйкам, а МУС краіны паведаміла, што трое грамадзян Таджыкістану, арыенціроўкі на якіх распаўсюдзілі СМІ, ня маюць дачыненьня да здарэньня: двое зь іх знаходзяцца на радзіме, адзін працуе ў Расеі ў Самары.
Увечары 22 сакавіка невядомыя мужчыны, узброеныя аўтаматамі, уварваліся ў канцэртную залю Crocus City Hall у падмаскоўным Краснагорску і адкрылі страляніну. У памяшканьні пачаўся пажар.
Паводле апошніх зьвестак, колькасьць загінулых у выніку тэракту вырасла да 115 чалавек, паведаміў СК Расеі.
Міністэрства аховы здароўя Падмаскоўя апублікавала сьпіс з 146 пацярпелымі ў выніку тэракту, сярод іх сямёра дзяцей. Тэлеграм-канал «112», які спэцыялізуецца на апэратыўнай хроніцы, са спасылкай на крыніцу сьцьвярджае , што колькасьць пацярпелых у выніку страляніны вырасла да 183 чалавек — пакуль гэтыя зьвесткі афіцыйна не пацьверджаныя.
Адзін грамадзянін Беларусі знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане пасьля нападу, паведаміў амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітрый Крутой. Ці гэта адзіны пацярпелы падчас нападу беларус, пакуль дакладна не вядома. Амбасада чакае публікацыі падрабязных зьвестак пра загінулых і высьвятленьня асобаў усіх пацярпелых.