Удзельнікаў форуму асабіста павітаюць сьпікер літоўскага парлямэнту Вікторыя Чміліце-Нільсэн і беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, па відэасувязі — спікер Вярхоўнай Рады (ВР) Украіны Руслан Стэфанчук. Свой відэазварот накіравала прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце.
На панэльнай дыскусіі, прысьвечанай эўраатлянтычнаму выбару для рэгіёну Ўсходняй Эўропы (мадэратар — старшыня Камітэту замежных справаў Сейму Літвы Жыгімантас Павілёніс) з асноўнай прамовай выступіць экс-прадстаўнік Злучаных Штатаў Амэрыкі ў NATO Курт Волкер.
На месцы і ў онлайн-фармаце ў ёй будуць удзельнічаць першы намесьнік сьпікера Вярхоўнай Рады Аляксандар Карніенка, віцэ-прэзыдэнт рады дырэктараў Міжнароднага рэспубліканскага інстытуту (ЗША) Рэндзі Шойнэман, а таксама кіраўнікі парлямэнцкіх камітэтаў замежных справаў — Павэл Коваль (Польшча), Мікель Оструп Енсэн (Данія), Міхаэль Рот (Нямеччына), Рыхардс Колс (Латвія), Дыльяў Міст Эйнарстоўхтыр (Ісьляндыя), Марка Міхкельсан (Эстонія), Майкл Маккол (ЗША).
Спэцпрадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў (ЭСЗД) у пытаннях «Усходняга партнэрства» (экс-амбасадар ЭЗ у Беларусі) Дырк Шубэль адкрые панэль аб эўрапейскім будучыні і ўстойлівым эўрапейскім выбары Беларусі.
У дэбатах паўдзельнічаюць старшыня Камітэту замежных справаў Вярхоўнай Рады Аляксандар Мярэжка, кіраўнік дэпартамэнту МЗС Нямеччыны ў справах РФ і Беларусі Моніка Ленхард, дарадца Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, кіраўнік дэлегацыі Сейму Літвы ў супрацоўніцтве зь Беларусьсю Юозас Олекас, старшыня Камітэту па справах ЭЗ Сэната Італіі Джуліё Тэрцы ды СантʼАгата, старшы кіраўнік IRI па Эўразіі Стэфан Б. Нікс, член Эўрапарлямэнту ад Літвы Пятрас Аўштравічус, намесьнік старшыні Камітэту замежных справаў літоўскага Сейму Гедрус Сурпліс, сябра аналягічнага камітэту Бундэстагу Кнут Абрахам, старшыня дэпутацкай групы ў Нацыянальным сходзе Францыі па беларускай сытуацыі Фрэдэрык Пэці. Мадэраваць дыскусію будзе дырэктар Фонду ім. Конрада Адэнаўэра па Беларусі Якаб Вэленштайн.
Апошняя панэль прысвечана дэрусыфікацыі і эўрапейскаму шляху ўсяго «Ўсходняга партнэрства». У гэтай частцы форуму выступяць кіраўнік Камітэта міжнародных адносінах Сэнату ЗША Бэн Кардын, старшыня падкамітэту асыгнаваньняў Палаты прадстаўнікоў ЗША ў дзяржаўных, замежных апэрацыях і сумежных праграмах Марыё Дыяз-Балярт, віцэ-спікер Сэнату Польшчы Міхал Каміньскі, кіраўнік Камітэту замежных справаў парлямэнту Алісія Кернс, чалец Камітэта абароны швэдзкага парлямэнту Густаф Гётбэрг, былы член парлямэнту і экс-кіраўнік Камітэту замежных справаў ВР Ганна Хопка, украінскі палітоляг Яўген Магда, дэпутат Эўрапарлямэнту ад Польшчы Ганна Фатыга, сябра Камітэту міжнародных справаў парлямэнту Канады Алі Эсі.
Ціханоўская на Форуме Каліноўскага: «Беларусь — самае слабое зьвяно пуцінскай ваеннай машыны»
Лёс «свабоды, дэмакратыі і правы народаў на самавызначэньне» вырашаецца ў рэгіёне — «у Беларусі, Малдове, а таксама на франтах ва Ўкраіне», заявіла дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская на Форуме Каліноўскага ў Вільні, яе цытуе «Позірк».
Яна адзначыла, што сёньня, як і падчас паўстаньня Кастуся Каліноўскага, ідзе супрацьстаяньне «з той жа імпэрыяй», Расеяй, і зноў краіны рэгіёну разьлічваюць на дапамогу дэмакратычнага сьвету.
«Тая ж імпэрыя спрабуе пераканаць сьвет, што Беларусь — пройгрышная справа, што яна павінна быць аддадзенаяРасеі як частка сфэры яе ўплыву», — заявіла Ціханоўская.
На думку Ціханоўскай, сытуацыя ў Беларусі «можа стаць пераломным момантам».
«Рэжым Лукашэнкі больш крохкі, чым здаецца. У адрозьненьне ад Расеі, у беларускім грамадзтве мы бачым цьвёрды антываенны кансэнсус. Мы бачым ваганьні ў вэртыкалі ўлады. Паколькі мы набліжаемся да 2025 году (год правядзеньня чарговых прэзыдэнцкіх выбараў. — Рэд.), я прашу вас трымаць Беларусь у фокусе ўвагі. Зьмены ў Беларусі могуць аслабіць Пуціна і дапамагчы Ўкраіне. Беларусь — самае слабое зьвяно пуцінскай ваеннай машыны», — дадала яна.
Ціханоўская папрасіла ўдзельнікаў форуму, прадстаўнікоў дэмакратычных краінаў, «даць Украіне ўсё неабходнае для перамогі ў гэтай вайне і ўвесьці разбуральныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і Расеі»: спыніць транзыт тавараў і выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасьці і ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
«Але, ізалюючы рэжым, не ізалюйце беларускі народ. Калі ласка, не пакідайце нас сам-насам з узурпатарамі, як гэта здарылася з Кастусём Каліноўскім», — заклікала яна і папрасіла Захад «не зачыняць дзьверы» перад Беларусьсю.