Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашыньян заявіў аб пачатку дэлімітацыі і дэмаркацыі мяжы паміж Армэніяй і Азэрбайджанам


Прэзыдэнт Азэрбайджана Ільхам Аліеў і прэм'ер-міністр Армэніі Нікол Пашыньян, 2022
Прэзыдэнт Азэрбайджана Ільхам Аліеў і прэм'ер-міністр Армэніі Нікол Пашыньян, 2022

У прымежных сёлах Армэніі выказалі гатоўнасьць да пратэстаў.


Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў аб пачатку дэлімітацыі і дэмаркацыі мяжы паміж Армэніяй і Азэрбайджанам. Аб гэтым кіраўнік армянскага кабінэту міністраў сказаў падчас сустрэчы з жыхарамі прымежных сёлаў Тавускай вобласьці, перадае армянская служба Радыё Свабода.

«Што азначае дэмаркацыя наогул і канкрэтна ў выпадку з Рэспублікай Армэнія? Гэта значыць пайсьці і знайсьці месца, дзе пачынаецца Рэспубліка Армэнія. Мы ўсе ведаем, вы лепш за мяне ведаеце, дзе яна пачынаецца і дзе заканчваецца», — сказаў Пашыньян і прадэманстраваў макет з абрысамі Армэніі.

Пашыньян прадэманстраваў макет з абрысамі Армэніі
Пашыньян прадэманстраваў макет з абрысамі Армэніі

Ён падкрэсьліў, што армянскія ўлады вырашылі пачаць працэс дэлімітацыі і дэмаркацыі мяжы паміж Армэніяй і Азэрбайджанам, каб «не дапусьціць вайны». Па словах Пашыньяна, гэты працэс пераходзіць у практычную стадыю. Прэмʼер растлумачыў, што спэцыяльныя камісіі павінны будуць «пайсьці і вырашыць, дзе пачынаецца Рэспубліка Армэнія, і гэта мусіць стаць дзяржаўнай мяжой».

Як расказалі Радыё Азатуцюн удзельнікі сустрэчы, Нікол Пашыньян ня даў дакладных адказаў на пытаньні, якія хвалююць жыхароў прымежных сёлаў, але паабяцаў, што ўсе асьцярогі будуць улічаныя.

Кіраўнік адміністрацыі Тавускага раёну Нвэр Бэглар'ян папярэдзіў, што жыхары прымежных сёлаў Васкепар, Баганіс і Васкеван і гарады Наембэр'ян выказалі гатоўнасьць перакрыць дарогі і арганізаваць самаабарону ў выпадку перадачы населеных пунктаў рэгіёну Азэрбайджану.

Афіцыйны Баку раней запатрабаваў неадкладнага вяртаньня тэрыторый чатырох сёлаў на мяжы Тавускага і Газаскага раёнаў. Паводле Пашыньяна, чатыры вёскі, на якія прэтэндуе Азэрбайджан, — Баганіс Айрым, Ашагы Эскіпара, Гэйрымлі і Кызылгаджылы — дэ-юрэ не знаходзяцца на тэрыторыі Армэніі.

Лёс Нагорнага Карабаху

Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджана і не прызнаная ніводнай краінай сьвету, 1 студзеня 2024 года фармальна спыніла сваё існаваньне.

Указ аб гэтым апошні прэзыдэнт рэспублікі Самвэл Шахраманьян падпісаў у верасьні мінулага году пасьля таго, як Азэрбайджан у выніку ваеннай апэрацыі ўстанавіў кантроль над усёй тэрыторыяй рэгіёну.

Указам было загадана «распусьціць усе дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі, якія знаходзяцца ў іх ведамасным падпарадкаваньні да 1 студзеня 2024 году», а таксама гаварылася аб тым, што «Рэспубліка Нагорны Карабах (Арцах) спыняе сваё існаваньне».

Большая частка Нагорнага Карабаху, які прызнаецца міжнароднай супольнасьцю тэрыторыяй Азэрбайджану, больш за 30 гадоў знаходзілася пад кантролем уладаў самаабвешчанай рэспублікі.

Над часткай тэрыторыі Баку вярнуў кантроль у выніку вайны восені 2020 году. 19 верасьня 2023-га Азэрбайджан пачаў новы наступ, і ўжо на наступны дзень армянскія фармаваньні фактычна капітулявалі. Пераважная большасьць армянскіх жыхароў рэгіёну, больш за 100 тысяч чалавек, баючыся рэпрэсій з боку азэрбайджанскіх уладаў, выехалі ў Армэнію. Уся тэрыторыя Нагорнага Карабаху перайшла пад кантроль Азэрбайджану.

Пры гэтым у рэгіёне па-ранейшаму разьмешчаныя расейскія вайскоўцы. Аб разьмяшчэньні міратворчага кантынгенту лідэры Армэніі, Азэрбайджана і Расеі дамовіліся восеньню 2020 году. Пасьля пачатку азэрбайджанскага наступленьня ў верасьні мінулага года расейскія вайскоўцы ня ўмешваліся ў баявыя дзеяньні, але, як сьцьвярджалася, садзейнічалі выезду ахвотных жыхароў рэгіёну ў Армэнію.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG