Выкрадальнікі пакуль ня выставілі ніякіх патрабаваньняў для вызваленьня выкрадзеных.
9 сакавіка ў пасёлку Курыга ў той жа правінцыі Кадуна ўзброеныя людзі ўварваліся ў мясцовую школу і выкралі больш за 280 дзяцей. Дырэктар школы заявіў, што аднаго чалавека застрэлілі, калі ён спрабаваў выратаваць школьнікаў.
Пазьней стала вядома, што выкрадальнікі патрабуюць за вызваленьне школьнікаў выкуп у памеры аднаго мільёна найра (гэта мясцовая валюта), што складае каля 620 тысяч даляраў. Калі выкуп ня будзе выплачаны на працягу двух тыдняў, яны пагражаюць забіць усіх закладнікаў. Нігерыйскія сілы бясьпекі спрабуюць выйсьці на сьлед выкрадальнікаў, але пра вынікі пакуль няма паведамленьняў.
Захопы закладнікаў у Нігерыі адбываюцца рэгулярна. Выкраданьне ў пасёлку Курыга стала адным з самых масавых з 2014 году, калі радыкальная групоўка «Бока Харам» выкрала больш за 270 школьніц з інтэрнату ў Чыбоку. 98 з іх да гэтага часу застаюцца ў палоне, іх прымушаюць выходзіць замуж за выкрадальнікаў, некаторыя вярнуліся дадому зь дзецьмі.
За сёлетняе выкраданьне дзяцей адказнасьці пакуль ніхто ня ўзяў. Агенцтвы Associated Press і Reuters адзначаюць, што тактыку выкраданьняў дзеля выкупу цяпер ужываюць і злачынныя групоўкі без ідэалягічнай скіраванасьці.