Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі вынесьлі першы прысуд за «генацыд»: прызналі вінаватым даўно памерлага Ўладзіміра Катрука


Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь
Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь

Прысуд вынес Вярхоўны суд Беларусі. Раней справу Катрука, яшчэ пры яго жыцьці, разглядалі ў Канадзе, але ў выніку заявілі пра недахоп доказаў і вярнулі канадзкае грамадзянства.

Вярхоўны суд Беларусі вынес вырак у першай справе на памерлага чалавека. Уладзіміра Катрука прызналі вінаватым у генацыдзе.

«Прысуд Катруку абвешчаны. Прызнаны вінаватым паводле арт. 127 КК», — паведаміла прэс-служба Вярхоўнага суду.

У сувязі са сьмерцю абвінавачанага вырак вынесьлі без абвяшчэньня пакараньня.

Артыкул 127 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае адказнасьць за генацыд беларускага народу, пра што ўлады гавораць ня першы год.

Уладзімір Катрук — грамадзянін Канады ўкраінскага паходжаньня. Яго вінавацілі ў тым, што ён, дзейнічаючы па ўказаньні нямецкіх афіцэраў, і іншыя байцы дапаможных сілаў нямецкай паліцыі 118-га батальёну шуцманшафту выгналі жыхароў Хатыні зь іхных хатаў, прыгналі да хлява на ўскраіне вёскі і запхалі ў яго, а потым падпалілі саламяны дах. Людзей, якія спрабавалі выратавацца ад агню, эсэсаўцы расстрэльвалі. У выніку былі забітыя 149 цывільных асобаў, у тым ліку 75 непаўналетніх.

У 1944 годзе Катрук дэзэртаваў зь нямецкага войска і перайшоў на бок францускага руху Супраціву, уступіў у францускі Замежны легіён і трапіў на фронт барацьбы зь нямецкім войскам. Пасьля вайны застаўся жыць у Парыжы. У 1951 годзе эміграваў у Канаду.

Пры атрыманьні канадзкага грамадзянства ён заявіў, што да нацыстаў ніякага дачыненьня ня меў. Аднак у 1999 годзе канадзкім уладам стала вядома аб яго сувязях з нацыстамі. Яго пазбавілі канадзкага грамадзянства. Пазьней, у траўні 2007 году, рашэньне перагледзелі з прычыны недахопу доказаў. У лістападзе 2010 году вяртаньне Катруку канадзкага грамадзянства пацьвердзіў фэдэральны апэляцыйны суд.

У 2012 годзе габрэйскія арганізацыі, якія абвінавацілі Катрука ў датычнасьці да ўчыненых нацыстамі злачынстваў, запатрабавалі зноў пазбавіць яго грамадзянства Канады.

Генэральная пракуратура Беларусі пачала расьсьледаваньне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народу ў гады Другой сусьветнай вайны ў 2021 годзе, потым зьявілася асобная справа Катрука.

У ліпені 2023 году Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьмене Крымінальна-працэсуальнага кодэксу», які дазваляе заводзіць крымінальныя справы супраць мёртвых і выносіць ім выракі паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу (сярод іх — генацыд, экацыд, міжнародны тэрарызм, падрыхтоўка або вядзеньне агрэсіўнай вайны, ужываньне зброі масавага паражэньня, іншыя ваенныя злачынствы).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG