Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК Расеі падлічыў 100% бюлетэняў: за Пуціна афіцыйна 87,28%. Падчас выбараў завялі 61 крымінальную справу

абноўлена

Расейскія жаўнеры на галасаваньні, архіўнае фота
Расейскія жаўнеры на галасаваньні, архіўнае фота

Міжнародныя палітычныя экспэрты заявілі, што выбары праходзілі ў недэмакратычнай абстаноўцы і не зьяўляюцца празрыстымі.

ЦВК Расеі паведаміла, што па выніках апрацоўкі 100% пратаколаў на выбарах прэзыдэнта Расеі лідзіруе Ўладзімір Пуцін з 87,28% галасоў.

Астатнія кандыдаты:
Нікалай Харытонаў (КПРФ) — 4,31%,
Уладзіслаў Даванкоў («Новыя людзі») — 3,85%,
Леанід Слуцкі (ЛДПР) — 3,20%.

У Чачэнскай Рэспубліцы па выніках падліку 100% бюлетэняў Пуцін афіцыйна набраў 98,99%. У анэксаваным Крыме ў яго ажно 93,60% галасоў. У Маскве пасьля апрацоўкі 100% пратаколаў Пуцін набірае 85,13% галасоў.

Яўка на выбарах прэзыдэнта Расеі за мяжой на 8:30 склала 372 тысячы чалавек, гэта рэкордныя лічбы, паведаміла афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава.

У Расеі ў пэрыяд выбараў завялі 61 крымінальную справу, склалі 155 адміністрацыйных пратаколаў, заявіў першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Аляксандар Гаравой, выступаючы ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Больш за ўсё крымінальных спраў заведзена па артыкуле аб загадзя лжывым паведамленьні аб актах тэрарызму — 23.

«За гэтыя дні ў органы ўнутраных спраў і непасрэдна ў выбарчыя камісіі паступіла 547 паведамленьняў аб ілжывым мінаваньні», — паведаміў ён.

21 крымінальную справу, паводле яго, распачалі паводле артыкулу аб перашкодзе ажыцьцяўленьню выбарчых правоў або працы выбарчых камісій. Справы па гэтым артыкуле заводзілі ў тым ліку на тых, хто выліваў фарбу ў скрыні для бюлетэняў і рабіў падпалы на выбарчых участках.

Гэта пяты тэрмін Пуціна. Летам 2020 году ў Расеі былі прыняты папраўкі да Канстытуцыі, якія дазволілі яму зноў двойчы балятавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы і заставацца ва ўладзе да 2036 году.

Пуцін знаходзіцца ва ўладзе з 2000 году. Ён двойчы выбіраўся прэзыдэнтам у 2000-я гады: у 2000 і 2004 гадах. Тады прэзыдэнцкі тэрмін складаў чатыры гады. У 2008 годзе Пуцін і тагачасны кіраўнік ураду правялі ракіроўку: прэзыдэнтам стаў Дзьмітрый Мядзьведзеў, а Пуцін заняў пасаду кіраўніка ўраду. У 2012 годзе Пуцін пайшоў на трэці тэрмін, і ў тым самым годзе тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў быў павялічаны з 4 да 6 гадоў. У 2018 годзе ён стаў прэзыдэнтам чацьвёрты раз.

На тэрыторыі Беларусі на выбарах прагаласавалі звыш 14 тысяч чалавек

Яўка выбарнікаў на выбарах прэзыдэнта Расеі ў Беларусі перавысіла 14 тысяч чалавек, паведаміла пасольства Расеі ў Беларусі.

Выбарчыя ўчасткі адкрыліся ў Менску, Берасьці, Віцебску, Гомлі, Горадні і Магілёве.

Падчас заключнага дня выбараў прыйшло паведамленьне пра мінаваньне ў консульстве ў Берасьці, пра гэта паведамляў пасол Расеі Барыс Грызлоў. Аднак трывога выявілася лжывай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG