Сёньня ў Вільні адбываецца дазволены ўладамі сход. Яго ўдзельнікі пратэстуюць супраць палітыкі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, які балятуецца на пяты тэрмін пасьля таго, як зьмяніў Канстытуцыю сваёй дзяржавы.
На мітынг прыйшлі прадстаўнікі каманды памерлага ў зьняволеньні палітыка Аляксея Навальнага. Прысутнічае шмат маладых людзей. Некаторыя ўдзельнікі прынесьлі транспаранты ў падтрымку Ўкраіны і супраць вайны. Ёсьць некалькі плякатаў з асуджэньнем агрэсіўнай палітыкі Пуціна. Акрамя таго, людзі кладуць кветкі да чорна-белага здымку Навальнага.
«Поўдзень супраць Пуціна» — агульнарасейская акцыя нязгоды з палітыкай няўьменнага кіраўніка Расеі, які займае пасаду з 2000 году. Прадстаўнікі каманды Навальнага паведамілі Свабодзе, што незадоўга да сваёй сьмерці, у турме, Навальны падтрымаў такую акцыю, і таму паплечнікі лічаць яе правядзеньне сваім абавязкам.
Расейскі апазыцыйны палітык Уладзімір Мілаў адзначыў, што па ўсёй Расеі чэргі на выбарчых участках, шмат пратэставых настрояў у грамадзтве. У камэнтары Свабодзе Мілаў сказаў, што Пуцін, ідучы на новы тэрмін, «хоча гвалтаваць Расею далей, але гэта ў яго не атрымаецца».
Таксама на сход прыйшлі людзі са сьцягамі ЛГБТ — як вядома, у пуцінскай Расеі перасьледуюць сэксуальныя меншасьці і ўвялі закон аб забароне прапаганды ЛГБТ, які жорстка раскрытыкавалі праваабаронцы і заходнеэўрапейскія палітыкі.
Украінцы зладзілі свой пікет. Амбасада Расеі месьціцца на вуліцы Герояў Украіны, але ва ўласных дакумэнтах расейскай амбасады па-ранейшаму ігнаруюць літоўскі закон, пішучы старую назву вуліцы — Латвіесу.
Людзей на выбарчую дзяльніцу запускаюць вельмі марудна, па 2 чалавекі праз ахову.