Па дадзеных агенцтва, групоўка будзе складацца з сотняў спадарожнікаў з магчымасьцямі здымкі Зямлі, што дазволіць значна пашырыць магчымасьці Вашынгтона па хуткім выяўленьні патэнцыйных цэляў па ўсім сьвеце. Каля дзясятка прататыпаў ужо былі запушчаныя на арбіту ракета-носьбітамі «Falcon» з 2020 года, сьцьвярджаецца ў матэрыяле.
Заплянаваная сетка будзе падзелена з іншай групоўкай спадарожнікаў SpaceX, Starlink. Тая прызначана для хуткай перадачы даных, але ўжо актыўна выкарыстоўваецца з ваеннымі мэтамі ва Украіне.
У SpaceX і ва ўрадзе агенцтву ня сталі афіцыйна камэнтаваць праект. Па дадзеных Reuters, падразьдзяленьне SpaceX, якое займаецца праектам, называецца Starshield («Зорны шчыт») і ўжо атрымала па кантракце за стварэньне спадарожнікаў 1,8 мільярда даляраў.
У лютым аб існаваньні засакрэчанага кантракту на такую суму паміж SpaceX і невядомым выведвальным агенцтвам расказвала газэта The Wall Street Journal.