Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьні прыхільнікаў Надзеждзіна, укід бюлетэняў, спробы падпалу ўчасткаў і псаваньня бюлетэняў: як праходзяць выбары ў Расеі


У Расеі 16 сакавіка праходзіць другі дзень трохдзённага галасаваньня на выбарах прэзыдэнта. Незалежныя назіральнікі пачалі фіксаваць першыя парушэньні падчас галасаваньня.

ЦВК Расеі ўжо ў першы дзень галасаваньня зафіксаваў рэкордна высокую яўку на выбары. Да 10.00 16 сакавіка па маскоўскім часе яўка з улікам дыстанцыйнага электроннага галасаваньня (ДЭГ) дасягнула 38,35%, паведамілі ў ЦВК. Як сьцьвярджаюць у ведамстве, праз ДЭГ прагаласавала ўжо прыкладна 80% выбарнікаў, якія выказалі жаданьне галасаваць такім спосабам.

Экспэрты раней казалі ВВС, што на гэтых выбарах шмат у чым менавіта электроннае галасаваньне забясьпечыць і лічбы па яўцы, і галасы за Пуціна: сыстэма непразрыстая для назіральнікаў, пракантраляваць сумленны падлік галасоў на ёй немагчыма ў прынцыпе.

Рух у абарону правоў выбарнікаў «Голос» зафіксаваў вялікую яўку сярод залежных ад улады катэгорый грамадзян, у прыватнасьці, бюджэтнікаў. Яны фатаграфавалі бюлетэні ў кабінках і прасілі выдаць ім даведкі, што яны прагаласавалі. У розных рэгіёнах назіралася цэнтралізаванае галасаваньне работнікаў арганізацый, СМІ і тэлеграм-каналы паведамлялі пра шматлікія выпадкі «справаздачы» выбарнікаў перад працадаўцамі.

Уначы ў Казані затрымалі кіраўніка мясцовага штабу не дапушчанага да выбараў адзінага антываеннага кандыдата Барыса НадзеждзінаДзьмітрыя Румянцава, паведамілі ягоныя паплечнікі. Раней яму ўручылі перасьцярогу аб недапушчальнасьці парушэньня закону аб правядзеньні мітынгаў.

Прыхільнікі Надзеждзіна праводзяць апытаньні выбарнікаў на выхадзе з участкаў. Пра затрыманьні і арышты прыхільнікаў палітыка паведамлялі і зь іншых рэгіёнаў. Так, 13 сакавіка ва Ўладзівастоку на 6 дзён арыштавалі кіраўніка мясцовага штаба Надзеждзіна Ігара Краснова, яшчэ некалькі яго прыхільнікаў затрымалі. У Ханты-Мансійску затрымалі калегу Краснова Паліну Зманоўскую — яе пакінулі ў паліцыі на ноч да суда. У Чалябінску на трое сутак арыштавалі прыхільніка Надзеждзіна Кірыла Заманава.

У Пецярбургу і Чабаксарах затрымалі валянтэрак штабу Надзеждзіна, якія праводзілі экзітполы, — абедзьвюх адпусьцілі без пратаколу. У Стаўрапольскім краі напярэдадні галасаваньня праводзілі ператрусы ў зборшчыкаў подпісаў за Надзеждзіна, а ў Калузе зьбілі кіраўніка мясцовага штабу Надзеждзіна.

Расейскія СМІ і паблікі ў сацсетках паведамлялі пра выпадкі ўкідаў бюлетэняў, прымусовае галасаваньне і незаконную агітацыю. СМІ апублікавалі відэа зь Дзяржынску Ніжагародзкай вобласьці, на якім відаць, як сябры выбарчай камісіі ўкідаюць пачкі бюлетэняў у скрыні ўжо пасьля закрыцьця ўчастку. Тэлеграм-канал «Дысідэнт» напісаў пра спробу ўкіду бюлетэняў да пачатку галасаваньня на адным з выбарчых участкаў у Варонежы, якую ўдалося спыніць незалежнаму назіральніку. Урад Варонескай вобласьці пасьля назваў інфармацыю пра ўкід бюлетэняў «фэйкам».

У Самарскай вобласьці зафіксавалі выпадак, калі выбарнік прагаласаваў за іншага чалавека. Урну, куды апусьцілі незаконна выдадзены бюлетэнь, апячаталі, рыхтуецца зварот у паліцыю, паведамляе «Голас».

У першы дзень галасаваньня ў розных рэгіёнах зафіксавалі сама меней 12 выпадкаў псаваньня бюлетэняў у скрынях фарбуючымі вадкасьцямі: выбарнікі вылівалі ў іх зялёнку, чарніла, фарбу. Раніцай 16 сакавіка яшчэ дзьве спробы сапсаваць бюлетэні фарбай і зялёнкай адбыліся ў Екацярынбурзе і Краснаярскім краі.

Таксама вядома пра спробы падпалу выбарчых участкаў. Так, у Санкт-Пецярбургу выбарніца кінула «кактэйль Молатава» ў будынак выбарчага ўчастка, у Асбесьце гаручую сумесь запалілі ўнутры памяшканьня. Акрамя таго, узгараньні тушылі на выбарчых участках у Кагалыме, Маскве і Мыцішчах, ва ўсіх выпадках іх прычынай станавіўся падпал.

У сувязі са спробамі падпалаў і псаваньнем бюлетэняў у Расеі завялі ўжо сама меней 15 крымінальных спраў па артыкуле аб «перашкодзе працы выбарчых камісій», падлічыла выданьне «Новая газета Европа».

  • Уладзімір Пуцін, які кіруе Расеяй з 2000 году, балятуецца на пяты тэрмін. Акрамя дзейнага прэзыдэнта на выбарах тры кандыдаты — Уладзіслаў Даванкоў, віцэ-сьпікер Дзярждумы ад партыі «Новыя людзі», дэпутаты Дзярждумы Мікалай Харытонаў ад партыі КПРФ і Леанід Слуцкі ад ЛДПР. Усім кандыдатам ад непарлямэнцкіх партый і самавылучэнцам, якія зьбіралі подпісы, расейская Цэнтральная выбарчая камісія ў рэгістрацыі адмовіла.
  • Галасаваньне на выбарах прэзыдэнта Расеі пройдзе з 15 па 17 сакавіка 2024 году. Выбары ў Расеі незалежныя назіральнікі і экспэрты ацэньваюць як несвабодныя і несумленныя. Улады ўмешваюцца ў выбарчы працэс, ствараюць перавагі праўладным кандыдатам, у шэрагу выпадкаў гаворка ідзе і пра прамыя фальсыфікацыі.
  • Шэраг дэпутатаў Эўрапарлямэнта і іншых палітыкаў заклікаюць не прызнаваць вынікі выбараў прэзыдэнта Расеі і, такім чынам, легітымнасьць Пуціна. Яны ўказваюць як на галасаваньне на акупаваных тэрыторыях, так і, напрыклад, на прынятыя папраўкі да Канстытуцыі, якія дазваляюць Пуціну балятавацца на пяты тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG