Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі пачалося трохдзённае галасаваньне на выбарах прэзыдэнта. Пуцін ідзе на на пяты тэрмін


Выбарчыя кабінкі ў Расеі
Выбарчыя кабінкі ў Расеі

Пятніца 15 сакавіка ў Расеі — першы дзень галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах. Упершыню яно праходзіць тры дні — пачынаецца 15 сакавіка і заканчваецца асноўным днём выбараў у нядзелю, 17 сакавіка.

Празь некалькі гадзін пасьля пачатку галасаваньня на сэрвісах, дзе праводзіцца дыстанцыйнае электроннае галасаваньне (ДЭГ) — «Дзяржаўных паслугах» і партале mos.ru — зьявіліся паведамленьні аб магчымых збоях у іх працы. У паведамленьнях гаворыцца, што сыстэмы працуюць у рэжыме «электроннай чаргі».

Участкі для галасаваньня таксама будуць адкрытыя на акупаваных тэрыторыях Украіны — на падкантрольнай Расеі тэрыторыі Запароскай, Херсонскай, Данецкай і Луганскай вобласьцяў, а таксама ў анэксаваным Крыме.

Мясцовыя жыхары на падкантрольных расейскім уладам тэрыторыях Украіны паведамлялі, што іх прымушаюць да ўдзелу ў галасаваньні.

Уладзімір Пуцін, які кіруе Расеяй з 2000 году, балятуецца на пяты тэрмін. Акрамя дзейнага прэзыдэнта, на выбарах тры кандыдаты — Уладзіслаў Даванкоў, віцэ-сьпікер Думы ад партыі «Новыя людзі», дэпутаты Думы Мікалай Харытонаў ад партыі КПРФ і Леанід Слуцкі ад ЛДПР. Усім кандыдатам ад непарлямэнцкіх партыяў і самавылучэнцам, якія зьбіралі подпісы, Цэнтральная выбарчая камісія ў рэгістрацыі адмовіла.

Пачаткова на пасаду прэзыдэнта прэтэндавалі 15 кандыдатаў. Подпісы для рэгістрацыі ня мусілі толькі тыя, каго вылучылі партыі, прадстаўленыя ў Думе — Даванкоў, Харытонаў і Слуцкі. За Пуціна сабралі подпісы як за самавылучэнца.

Журналістку з Ржэва Кацярыну Дунцову ЦВК не дапусьціла нават да збору подпісаў, спаслаўшыся на памылкі ў яе дакумэнтах аб вылучэньні. Пасля адмовы Дунцова зьвярнулася ў Вярхоўны суд і заклікала сваіх прыхільнікаў падтрымаць іншага прэтэндэнта Барыса Надзеждзіна.

Надзеждзіну ўдалося сабраць больш за 200 тысяч подпісаў у падтрымку свайго вылучэньня. ЦВК выявіла ў пададзеных ім подпісах больш за 15% памылак пры дапушчальных 5%. Аспрэчыць адмову ў судах яму не ўдалося.

Выбары, якія праходзілі ў Расеі ў апошнія гады, незалежныя назіральнікі і экспэрты ацэньвалі як несвабодныя і несумленныя. Улады ўмешваюцца ў выбарчы працэс, ствараюць перавагі праўладным кандыдатам, у шэрагу выпадкаў ідзецца і пра простыя фальсыфікацыі. На прэзыдэнцкіх выбарах няма незалежных міжнародных назіральнікаў, сурʼёзна абмежаваныя таксама магчымасьці назіраньня для расейскіх грамадзян.

Перамогу Пуціна, які ў істоце кантралюе ўсе вагары ўлады ў краіне, многія камэнтатары называюць перадвызначанай. Раней СМІ з спасылкай на крыніцы пісалі, што адміністрацыя прэзыдэнта хоча забясьпечыць Пуціну ня менш як 80% пры высокай яўцы. Нядаўняе апытаньне дзяржаўнага сацыялягічнага цэнтру паказала, што за дзейнага прэзыдэнта гатовыя прагаласаваць ня менш за 75% рэспандэнтаў.

Расейская апазыцыя заклікала ўсіх, хто ня згодны з палітыкай Уладзіміра Пуціна, прыйсьці апоўдні 17 сакавіка на выбарчыя ўчасткі, выказаўшы такім чынам свой негалосны пратэст. Ідэю падтрымалі ў тым ліку каманда памерлага ў лютым у калёніі Аляксея Навальнага і Міхаіл Хадаркоўскі.

Пракуратура ў адказ прыгразіла крымінальнай адказнасьцю за «перашкоду свабоднаму ажыцьцяўленьню грамадзянамі сваіх выбарчых правоў і рабоце выбарчых камісіяў». Адпаведны артыкул Крымінальнага кодэксу РФ прадугледжвае за гэта да пяці гадоў калёніі.

Удава Аляксея Навальнага Юлія ў калёнцы ў газэце The Washington Post заклікала краіны Захаду не прызнаваць вынікаў выбараў і не лічыць Уладзіміра Пуціна легітымным кіраўніком дзяржавы.

Шэраг дэпутатаў Эўрапарлямэнту і іншых палітыкаў таксама заклікалі не прызнаваць вынікі выбараў прэзыдэнта Расеі і, такім чынам, легітымнасць Пуціна. Яны ўказваюць як на галасаваньне на акупаваных тэрыторыях, так і на прынятыя папраўкі да Канстытуцыі, якія дазваляюць Пуціну балятавацца на пяты тэрмін. Лідэры заходніх краін не казалі аб магчымасьці непрызнаньня вынікаў выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG