У чарговым адказе, атрыманым ініцыятывай «Мова тут», гаворыцца пра тое, што прадпрыемства «Камунарка» дадало беларускую мову на абгорткі цукерак «Бярозка», «Арахісавыя» і «Беларускія».
Акрамя таго, у 2023 годзе прадпрыемства зрабіла беларускамоўны набор цукерак «Мова кветак».
Таксама «Камунарка» працягвае ўдасканальваць свой сайт, а менавіта яго беларускую вэрсію.
У 2024 годзе, каб шырэй ужываць беларускую мову на прадукцыі, прадпрыемства плянуе правесьці рэбрэндынг падарункавых набораў «Папараць-кветка», «Беларускі сувэнір» і набору шакаляду «Беларускія строі», дзе склад прадукту напішуць па-беларуску. Таксама перакладуць на беларускую склад цукерак «Зьнічка».
60% прадукцыі фабрыкі «Камунарка» прадаецца ўнутры Беларусі.
Ініцыятыва «Мова тут» просіць падтрымаць яе і заклікае пісаць звароты ў тыя арганізацыі, якія маюць праблемы зь беларускай мовай, дзе яе няма або замала.