Рэгуляваныя дзяржавай цэны і тарыфы ў лютым 2024 году ў Беларусі вырасьлі на 8% у параўнаньні з аналягічным месяцам 2023-га, гаворыцца ў новым аглядзе інфляцыйных працэсаў ад Нацбанку, піша «Позірк».
Паводле зьвестак рэгулятара, у студзені рэгуляваныя дзяржавай цэны і тарыфы павялічыліся на 8,8%, у сьнежні 2023-га — на 8,9% у гадавым вымярэньні.
Базавая інфляцыя (ня ўлічвае сэзонныя тавары, а таксама тавары і паслугі, цэны на якія часта мяняюцца ў кароткатэрміновай пэрспэктыве або рэгулююцца дзяржавай) склала 4% (у студзені — 4%, у сьнежні 2023 — 3,8%).
Паводле Белстату, спажывецкія цэны ў лютым 2024 году вырасьлі на 0,9% (харчовыя і нехарчовыя тавары падаражэлі на 0,5%, паслугі — на 2,3%). У гадавым вымярэньні (да лютага 2023-га) спажывецкія цэны вырасьлі на 5,6%: харчовыя тавары сталі даражэйшымі на 6,4%, нехарчовыя — на 3,2%, паслугі — на 7,3%.
- З кастрычніка 2022 году ў Беларусі дзейнічае рэгуляваньне цэнаў: крамы могуць іх падвышаць толькі з дазволу чыноўнікаў. За неабгрунтаванае павышэньне цэнаў летась адміністрацыйныя спагнаньні зазналі сотні чалавек. Аднак цэны працягвалі расьці.
- У 2023 годзе Нацбанк неаднойчы паведамляў, што рост рэгуляваных цэнаў апярэджвае агульную інфляцыю ў Беларусі.
- У кастрычніку 2023 году Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў найважнейшыя прагнозныя (дэ-факта плянавыя) парамэтры разьвіцьця Беларусі на 2024 год, у якіх інфляцыя была заплянаваная на ўзроўні ня больш за 6%.