Галоўная рэдактарка беларускай рэдакцыі Радыё Ўнэт Вольга Сямашка расказала Свабодзе, што каманда вырашыла часова прыпыніць трансьляцыю да рашэньня польскага міністэрства замежных справаў аб далейшым падтрыманьні праекту.
«Днямі зьявіўся бюджэт Міністэрства замежных справаў Польшчы, мы чакалі гэтага дакумэнту і спадзяваліся, што калі ён будзе зацьверджаны, будзе зразумелы наш далейшы лёс. Аднак ніякага рашэньня нам пакуль не паведамілі. Таму рэдакцыя прыняла такое рашэньне. Гэта не закрыцьцё, мы проста часова, да вырашэньня пытаньня вырашылі ўзяць паўзу», — кажа галоўная рэдактарка.
Штораніцы па адной гадзіне і ўвечары па 2 гадзіны ў сетцы польскага радыё Wnet ішлі беларускія праграмы. Яны не здымаюцца з этэру, але там зараз проста будзе трансьлявацца беларуская музыка.
«Мы думалі і пра краўдфандынг, але наш праект ад пачатку падтрымлівала МЗС Польшчы, ён так пачынаўся. Мы разьлічваем, што гэтае пытаньне вырашыцца і мы атрымаем фінансаваньне, як і раней. Фактычна рэдакцыя пайшла ў адпачынак», — кажа Вольга Сямашка.
Радыё Ўнэт пачало працу 11 лістапада 2020 году і сфармавалася з журналістаў, якія праз рэпрэсіі былі вымушаныя зьехаць з Беларусі. Беларуская рэдакцыя Радыё Ўнэт ёсьць часткаю польскага Radio Wnet.
Звальненьне дырэктаркі «Белсату»
Раней стала вядома, што Агнешку Рамашэўскую-Гузы пасьля 17 год кіраваньня «Белсатам» звольнілі з пасады дырэктаркі.
Польская грамадзкая тэлевізія TVP адказала Свабодзе, што падзякавала ёй за шматгадовае супрацоўніцтва. Абавязкі Рамашэўскай-Гузы прыме яе цяперашні намесьнік і адзін з заснавальнікаў каналу Аляксей Дзікавіцкі, — гаворыцца ў адказе прэс-службы TVP.
Агнешка Рамашэўская-Гузы казала раней, што бюджэт «Белсату» быў 63 млн злотых ад МЗС і яшчэ 11 давала тэлевізія, то бок разам выходзіла амаль 75 млн. Цяпер МЗС Польшчы сьцьвярджае, што дасьць «Белсату» 40 мільёнаў. Інфармацыі пра ўклад у канал самой Польскай тэлевізіі Рамашэўская, як яна сама сьцьвярджае, ня мела. Адсюль былая дырэктарка Белсату і зрабіла выснову, што замест 75 мільёнаў злотых у тэлеканала будзе 40 млн, што практычна ўдвая менш, чым летась.
Прэс-сакратар МЗС Польшчы Павэл Уроньскі 13 сакавіка абверг інфармацыю пра скарачэньне фінансаваньня «Белсата» ў два разы.
«Мы атрымалі ад Telewizja Polska (TVP) праект па мадэрнізацыі станцый, якія вяшчаюць за мяжой, і палічылі яго добрым. Няпраўда, што субсыдыі тэлекампаніі „Белсат“ скарацілі ўдвая.
Дагэтуль нам даводзілася мець справу з паталягічнай сытуацыяй, калі чатыры тэлеканалы, якія не супрацоўнічалі адзін з адным, вяшчалі за мяжу на суму больш за 200 мільёнаў злотых (каля 50 млн даляраў. — „Позірк“.). Эфэкт ад гэтага быў кепскі. TVP вырашыла зьмяніць гэта, зрабіўшы TVP World флягманскай станцыяй, якая вяшчае на ангельскай, расейскай і нямецкай мовах», — адзначыў Уроньскі.
Прадстаўнік МЗС Польшчы растлумачыў, што раней «Белсат» фінансаваўся на суму 22 млн злотых у год. У 2022 годзе гэтую суму павялічылі да 63 млн., што тлумачылася аддзяленьнем станцыі ад структур TVP.