Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор запатрабаваў прызнаць памерлага грамадзяніна Канады вінаватым у генацыдзе без прызначэньня пакараньня


Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук, архіўнае фота
Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук, архіўнае фота

Дзяржаўны абвінаваўца намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук папрасіў суд прызнаць Уладзіміра Катрука, абвінавачанага ў забойстве жыхароў Хатыні, вінаватым ва ўчыненьні генацыду (арт. 127 Крымінальнага кодэксу) без прызначэньня пакараньня, паведамляе БелТА.

У камэнтары дзяржаўным СМІ перад судовым пасяджэньнем Аляксей Стук заявіў, што выстаўленае Ўладзіміру Катруку абвінавачаньне цалкам пацьверджана — ягоная віна нібыта «ўстаноўленая і даказаная сабранымі доказамі».

Уладзімір Катрук памёр у Канадзе ў траўні 2015 году ва ўзросьце 93 гадоў. Пры жыцьці яго не прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці.

У справе супраць Катрука, якую разглядаў Вярхоўны суд Беларусі, было 35 тамоў, у ёй праходзілі каля 40 сьведак.

Уладзімір Катрук — грамадзянін Канады ўкраінскага паходжаньня. Яго вінавацілі ў тым, што ён, дзейнічаючы па ўказаньні нямецкіх афіцэраў, і іншыя байцы дапаможных сілаў нямецкай паліцыі 118-га батальёну шуцманшафту выгналі жыхароў Хатыні зь іхных хатаў, прыгналі да хлява на ўскраіне вёскі і запхалі ў яго, а потым падпалілі саламяны дах. Людзей, якія спрабавалі выратавацца ад агню, эсэсаўцы расстрэльвалі. У выніку былі забітыя 149 цывільных асобаў, у тым ліку 75 непаўналетніх.

Уладзімір Катрук, архіўнае фота
Уладзімір Катрук, архіўнае фота

У 1944 годзе Катрук дэзэртаваў зь нямецкага войска і перайшоў на бок францускага руху Супраціву, уступіў у францускі Замежны легіён і трапіў на фронт барацьбы зь нямецкім войскам. Пасьля вайны застаўся жыць у Парыжы. У 1951 годзе эміграваў у Канаду. Пры атрыманьні канадзкага грамадзянства ён заявіў, што да нацыстаў ніякага дачыненьня ня меў. Аднак у 1999 годзе канадзкім уладам стала вядома аб яго сувязях з нацыстамі, яго пазбавілі канадзкага грамадзянства. Пазьней, у траўні 2007 году, рашэньне перагледзелі празь недахоп доказаў. У лістападзе 2010 году вяртаньне Катруку канадзкага грамадзянства пацьвердзіў фэдэральны апэляцыйны суд.

У 2012 годзе габрэйскія арганізацыі, якія абвінавацілі Катрука ў датычнасьці да ўчыненых нацыстамі злачынстваў, запатрабавалі зноў пазбавіць яго грамадзянства Канады.

  • Генэральная пракуратура пачала расьсьледаваньне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народу ў гады Другой сусьветнай вайны два з паловай гады таму, потым зьявілася асобная справа Катрука.
  • У ліпені 2023 году Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьмене Крымінальна-працэсуальнага кодэксу», які дазваляе заводзіць крымінальныя справы супраць мёртвых і выносіць ім выракі паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса (сярод іх — генацыд, экацыд, міжнародны тэрарызм, падрыхтоўка або вядзеньне агрэсіўнай вайны, ужываньне зброі масавага паражэньня, іншыя ваенныя злачынствы).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG