Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 88, які апублікаваны на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале.
Вызваленыя ад пасадаў:
Дзяніс Сідарэнка — ад пасады пасла ў Нямеччыне,
Аляксей Самасуеў — ад пасады пасла ў Фінляндыі і з сумяшчэньнем у Даніі,
Дзьмітры Мірончык — ад пасады пасла ў Швэцыі і з сумяшчэньнем у Нарвэгіі,
Андрэй Страчко — ад пасады пасла ў Кіргізстане.
У сьнежні 2023 году пасьля прызначэньня швэдзкай прадстаўніцы пры беларускай дэмакратычнай супольнасьці за мяжой амбасадаркі Крыстыны Юганэсан паміж афіцыйным Менскам і Стакгольмам узьнік дыпляматычны скандал. Тады ў Менск адклікалі амбасадара Дзьмітрыя Мірончыка.
Як паведамілі пазьней Свабодзе ў прэсавай службе МЗС Швэцыі, «цяпер у Стакгольме для кансультацыяў знаходзіцца часовы павераны ў справах Швэцыі ў Менску. Праца ў амбасадзе Швэцыі ў Менску працягваецца ў звычайным рэжыме. Цяпер у Менску для кансультацыяў знаходзіцца пасол Беларусі ў Стакгольме».
Амбасадарам Беларусі ў Швэцыі быў акрэдытаваны Дзьмітры Мірончык.
З 5 верасьня 2022 году Эва Сундквіст выконвае абавязкі часовага паверанага ў справах Швэцыі, кіраўніка місіі ў Менску.
Што вядома пры іншых звольненых амбасадараў
Дзянісу Сідарэнку 48 гадоў, ён працаваў паслом у Нямеччыне з 2016 году. Да таго моманту пасада заставалася вакантнай 8 месяцаў пасьля сьмерці Андрэя Гіро. Раней Сідарэнка быў намесьнікам кіраўніка сталай дэлегацыі Беларусі пры сталай Радзе АБСЭ ў Вене, начальнікам аддзелу АБСЭ і Рады Эўропы ў апараце МЗС, ачольваў Упраўленьне агульнаэўрапейскага супрацоўніцтва.
Аляксей Самасуеў да свайго прызначэньня ў Хэльсынкі займаў пасаду кіраўніка ўпраўленьня эўразійскай інтэграцыі МЗС Беларусі. У Фінляндыі ён у 2018 годзе замяніў Аляксандра Астроўскага.
Андрэй Страчко працаваў у дыпляматычнай місіі ў Бішкеку з 2017 году. Да таго ён працаваў у дзяржаўных сэктарах эканомікі і гандлю, быў начальнікам аддзелу Цэнтральнай Азіі і Закаўказьзя ў МЗС, быў дарадцам амбасады Беларусі ў Чэхіі.