Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыпляматычны скандал паміж Беларусьсю і Швэцыяй: у Менск адклікалі амбасадара Мірончыка


Амбасадар Беларусі ў Швэцыі Дзьмітры Мірончык, архіўнае фота
Амбасадар Беларусі ў Швэцыі Дзьмітры Мірончык, архіўнае фота

Для кансультацыяў у Стакгольм таксама адклікалі швэдзкага часовага паверанага ў Беларусі.

Пасьля прызначэньня швэдзкай прадстаўніцы пры беларускай дэмакратычнай супольнасьці за мяжой амбасадаркі Крыстыны Юганэсан паміж афіцыйным Менскам і Стакгольмам узьнік дыпляматычны скандал.

Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе МЗС Швэцыі, «цяпер у Стакгольме для кансультацыяў знаходзіцца часовы павераны ў справах Швэцыі ў Менску. Праца ў амбасадзе Швэцыі ў Менску працягваецца ў звычайным рэжыме. Цяпер у Менску для кансультацыяў знаходзіцца пасол Беларусі ў Стакгольме».

Амбасадарам Беларусі ў Швэцыі акрэдытаваны Дзьмітры Мірончык.

З 5 верасьня 2022 году Эва Сундквіст выконвае абавязкі часовага паверанага ў справах Швэцыі, кіраўніка місіі ў Менску.

6 лістапада ў Вільні міністар замежных справаў Швэцыі Тубіяс Більстрэм абвясьціў аб прызначэньні Крыстыны Юганэсан, якая раней працавала амбасадаркай Швэцыі ў Менску, дыпляматычнаю прадстаўніцаю пры беларускай дэмакратычнай супольнасьці за мяжой.

У той жа дзень у інтэрвію Свабодзе Тубіяс Більстрэм заявіў, адказваючы на пытаньне, ці прызнае ён Сьвятлану Ціханоўскую абраным прэзыдэнтам:

«Мы прызнаём яе чалавекам, які перамог на выбарах і які па праве павінен быў стаць інаўгураваным прэзыдэнтам Беларусі».

Паводле інфармацыі Свабоды з дыпляматычных крыніц у Менску, гэта выклікала незадавальненьне ўладаў Беларусі, якія адклікалі свайго амбасадара з Стакгольму і запатрабавалі, каб у сталіцу Швэцыі для кансультацыяў паехаў кіраўнік дыпляматычнай місіі гэтай краіны ў Менску.

У замежнапалітычным ведамстве Швэцыі Свабодзе таксама паведамілі, што пасьля новага прызначэньня Крыстыны Юганэсан МЗС Швэцыі правёў перамовы зь беларускімі прадстаўнікамі.

«У нас няма канкрэтных рэакцый, каб падзяліцца», — паведамілі ў прэс-службе Міністэрства замежных справаў Швэцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG