Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За кантрабанду зь Беларусі ў Польшчы судзяць 17 чалавек. Пракурор запатрабаваў да 3 гадоў турмы


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Кантрабандныя цыгарэты, знойдзеныя польскімі мытнікамі на польска-беларускай мяжы, 2020 год
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Кантрабандныя цыгарэты, знойдзеныя польскімі мытнікамі на польска-беларускай мяжы, 2020 год

У Беластоцкім судзе пракурор запатрабаваў ад 1 да 3 гадоў пазбаўленьня волі 17 фігурантам справы аб кантрабандзе цыгарэтаў зь Беларусі. Сярод падсудных — палякі і беларусы. Вырак чакаецца праз два тыдні, паведамляе Polskie Radio Białystok.

Паводле вэрсіі сьледзтва, кантрабандныя цыгарэты завозілі праз памежны пункт у Палоўцы ў 2017–2018 гадах. Расьсьледаваньне справы цягнулася некалькі гадоў. У складзе арганізаванай злачыннай групы было 18 чалавек. Цяпер фігурантаў 17, справу аднаго вылучылі ў асобнае вядзеньне.

8 абвінавачаных — былыя супрацоўнікі мытні і падатковай службы. Іх абвінавачваюць у карупцыі і невыкананьні службовых абавязкаў. Яны, як падлічыла пракуратура, атрымалі не меней за 12 тысячаў злотых (каля 3 тысячаў даляраў) за дазвол правозіць кантрабанду.

Амаль усе фігуранты сваёй віны не прызналі і адмовіліся даваць тлумачэньні і адказваць на пытаньні. Толькі на апошнім пасяджэньні суда 8 сакавіка выступілі некаторыя былыя службоўцы, яны ўказалі на свае шматгадовыя заслугі і ўзнагароды.

Пракуратура запатрабавала пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад аднаго года ўмоўна да трох гадоў турмы, а таксама штрафы ў 40–50 тысячаў злотых (10–13 тысячаў даляраў); для колішніх службоўцаў — 5-гадовую забарону на працу ў дзяржаўных установах, яны таксама мусяць вярнуць суму хабару.

Адвакаты падсудных аспрэчвалі ў судзе існаваньне арганізаванай злачыннай групы. Адвакат аднаго беларуса паскардзіўся, што ягоны кліент сьведчыў падчас сьледзтва, прызнаў віну, аднак пакараньне для яго запатрабавалі большае, чымся абяцалі. Юрыст папрасіў суд прызначыць менавіта такое пакараньне, якое было ўзгоднена з бокам абвінавачваньня.

У 2023 годзе кантрабанда беларускіх цыгарэт у Польшчу павялічылася ў 12 разоў: цана выяўленай кантрабанды вырасла з 2 да 24 млн злотых (з 500 тысяч да 6 млн даляраў ЗША паводле бягучага курсу). Кантрабанда на мяжы з Украінай, Беларусьсю і Расеяй вырасла за год з 28 да амаль 50 млн злотых, такім чынам, каля 60% гэтай сумы прыпадае менавіта на Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG