Актывісткі ў Варшаве анансавалі вышывальную сустрэчу «Імёны».
«Адно з самых моцных адчуваньняў, якое здаралася са мной у жыцьці, я лавіла на жаночых маршах, — адзначае арганізатарка на старонцы праекту „Этыка“. — Калі нас было шмат. Чужых і адначасова блізкіх, траўмаваных і адначасова моцных, напужаных і адначасова капец якіх сьмелых. І калі цяпер часам я пачынаю адчуваць боль страты ці холад роспачы, я заўсёды пераношу сябе ў гэтыя ўспаміны і набіраюся там чыстай непахіснай энэргіі».
Галоўная ідэя падзеі, якая адбудзецца ў Варшаве, — вышыць крыжыкам імёны беларускіх жанчын, якія натхняюць і надаюць моцы (напрыклад, уласнае імя, імя матулі, бабулі, сяброўкі, жонкі, прэзыдэнткі, палітвязынкі; імёны тых, хто з намі і каго з намі няма), каб надаць усім гэтым імёнам фізычную форму і сабраць у адно вялікае мастацкае палатно. І прысьвяціць яго шчырай моцы беларускіх жанчын.
Неабходныя матэрыялы будуць чакаць вас на месцы. Навыкаў вышыўкі таксама не патрабуецца. Просяць прыхапіць з сабой прысмакі і напоі для сумеснага сьвяточнага застольля.
Падзея пройдзе 8 сакавіка з 16.00 да 20.00 у культурнай фундацыі «prze_swit» на вуліцы Freta, 39 ў Варшава. Уваход вольны. Пра жаданьне паўдзельнічаць арганізатары просяць паведаміць у камэнтарах да паста.