Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ёсьць дзьве дзяржавы, ёсьць агульная айчына — Лукашэнка пра адносіны Беларусі і Расеі


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін.
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін.

Ніколі ня чуў ад прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна словаў аб жаданьні жыць у адной дзяржаве, у гэтым няма ніякай неабходнасьці, — заявіў Аляксандар Лукашэнка сёньня ў Менску на сустрэчы з губэрнатарам Смаленскай вобласьці РФ Васілём Анохіным.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

«Але нашае супрацоўніцтва — Беларусі з Расеяй — больш шчыльнае, чым калі б мы жылі ў адной дзяржаве, паказваючы пальцам адзін на аднаго, — цытуе Лукашэнку яго прэсавая служба. — Тое нам і трэба, каб мы былі адзіныя і каб нас ніхто рознага роду абяцаньнямі і іншым ня змог расьцягнуць у розныя бакі, як гэта было пасьля распаду Савецкага Саюзу».

«Хто б там у Расеі, я ўжо таксама кажу, ні вякаў: „Вось, Лукашэнка, шматвэктарнасць... Зноў ён адпусьціў гэтых палітвязьняў некалькі дзясяткаў. Гэта значыць, ён ужо на Захад...“. Слухайце, ну такое прымітыўнае мысьленьне, што далей няма куды. І мы гэта бачым і чуем», — сказаў Лукашэнка.

У адказ на падобную крытыку ён падкрэсьліў, што ў беларусаў «ёсьць краіна», галоўны «зьнешнепалітычны пасыл» і «імкненьне» якой палягае ў тым, што «з суседзямі трэба жыць у міры, яны ад Бога».

«Ну і што зрабіць, калі палякі стагодзьдзямі жылі з намі, і тое, што кіраўніцтва Польшчы сёньня займае такую брыдкую пазыцыю ў адносінах да Беларусі. Няўжо палякі ў гэтым вінаватыя? Ну, у нейкай ступені — так, яны ж абіраюць іх. Але ў большасьці сваёй палякі хочуць жыць мірна з намі, — заявіў Лукашэнка. — Тое ж самае літоўцы, латышы, украінцы. Ну, калі такую палітыку праводзіць кіраўніцтва гэтых краін... Таму мы спакойна, мэтанакіравана спрабуем выбудоўваць зь імі адносіны. Але інтарэсы нашы — яны ёсьць нашы інтарэсы».

Паводле яго сьцьвярджэньня, Расея Беларусі «гадасьцяў ніякіх ня робіць», «наадварот, падтрымлівае ў самыя цяжкія і складаныя часы». Менск, зазначыў ён, «адпаведна да гэтага падыходзіць і адносіцца».

«Ёсьць дзьве дзяржавы, ёсьць агульная айчына. Расейцы не пярэчаць супраць гэтага. Яна ад Берасьця да Ўладзівастоку. Гэта наша айчына. Гэтым усё сказана, — заявіў Лукашэнка. — Але так здарылася, не па нашай віне, — у нас дзьве дзяржавы — Беларусь і Расея».

25 кастрычніка ў інтэрвію расейскаму выданьню «Известия» Лукашэнка заявіў, што ў РФ «ёсьць сілы, якія хацелі б далучэньня Беларусі, але гэта немагчыма».

«Так пытаньні ставіць нельга, — сказаў ён. — Гэта немагчыма і нерэалізуема. Баюся нават сказаць, што гэта вайна. Але вы бачыце нашы адносіны з Пуціным. Маса перамоваў, кантактаў, асабістых і іншых. У нас ніколі так пытаньне не стаяла. Ну, у Расеі камусьці карціць і ў высокіх колах. Трэба гэта выкінуць».

  • У жніўні 2002 году падчас перамоваў з Лукашэнкам Пуцін прапанаваў у траўні 2003 году правесьці ў Расеі і Беларусі рэфэрэндум па пытаньнях канчатковага аб’яднаньня. Прэзыдэнт РФ сказаў тады, што ў сьнежні 2003 году можна было б правесьці выбары ў адзіны парлямэнт, а вясной 2004 году, магчыма, у сакавіку — выбары кіраўніка адзінай дзяржавы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG