Сьцісла:
- Актыўны рост эканомікі ў сёньняшніх умовах немагчымы: не хапае людзей, працоўных рук.
- У Расею актыўна пачалі прыходзіць кітайскія кампаніі, зь якімі беларусам складана канкураваць.
- Новыя санкцыі наўрад ці будуць мець істотны нэгатыўны эфэкт.
— Якія найбольш адметныя тэндэнцыі ў беларускай эканоміцы назіраюцца сёньня? Ці адбываецца нешта новае, што разыходзіцца з ранейшымі трэндамі, ці ёсьць новыя аспэкты, якія варта было б адзначыць?
— Пакуль мы не назіраем нейкіх рэзкіх разваротаў ці пераменаў у беларускай эканамічнай палітыцы. Адзінае, што варта адзначыць: адрозна ад мінулага году, мы ўбачым запаволеньне эканамічнага росту. Калі ў 2023 годзе аднаўленчы рост ВУП склаў 3,9 працэнта, то сёлета ўрад плянуе 3,8 — але, хутчэй за ўсё, гэтай лічбы ня ўдасца дасягнуць.
Галоўная прычына — эканоміка Беларусі выйшла на свае максымальныя магчымасьці, і актыўны рост немагчымы хаця б з тае прычыны, што ў эканоміцы не хапае людзей, працоўных рук.
Захоўваюцца тэндэнцыі, характэрныя для мінулага году — дзяржава працягвае кантраляваць цэны. Але адна рэч — лёзунгі, іншая — рэальны стан. У дзеяньнях Нацыянальнага банку мы бачым пэўныя рухі ў бок ахалоджваньня рынку: яны больш кантралююць рост крэдытаў, які пакуль яшчэ застаецца даволі высокім — каб не было пагрозы перагрэву і, адпаведна, інфляцыі.
— У 2023 годзе адбываўся даволі актыўны рост даходаў насельніцтва. Ці ёсьць падставы лічыць, што гэтая тэндэнцыя можа працягнуцца і сёлета?
— Што тычыцца даходаў, то іх рост у 2023 годзе тлумачыцца ў тым ліку нізкай базай адліку, бо ў 2022-м даходы істотна ўпалі. Летась рэальны заробак вырас больш чым на 10 працэнтаў, і гэта было зьвязана і з эканамічнай палітыкай, і з тым, што працоўных рук не хапала, а таму працадаўцы вымушаныя былі падвышаць заробкі.
Аднак усё гэта працаўнікі адчувалі вельмі па-рознаму, бо ўсё залежыць ад галіны і сфэры дзейнасьці, ад месца знаходжаньня. Дзесьці заробкі заставаліся нізкімі, але ў сталіцы і абласных цэнтрах расьлі. Напрыклад, даходы ІТ-спэцыяістаў нават намінальна зьнізіліся. А ў некаторых прафэсіях заробкі падвышаюцца, бо там адчуваецца выразны дэфіцыт кадраў.
— З улікам надзвычайнай залежнасьці беларускай эканомікі ад Расеі як можна прагназаваць далейшыя наступствы расейска-ўкраінскай вайны? Парадаксальным чынам вайна і санкцыі далі вытворцам беларускіх тавараў новыя магчымасьці ў РФ — але ці ня вычарпаўся гэты эфэкт?
— У цэлым, у кожным разе, стратэгічныя наступствы вайны для беларускай эканомікі не нясуць нічога добрага.
Вядома, пасьля санкцыяў 2022 году, уведзеных адразу пасьля пачатку шырокамаштабнай агрэсіі, эканоміка пачала пераарыентацыю на ўсходнія рынкі, найперш расейскі.
І гэтая тэндэнцыя ўмацавалася: цяпер больш за палову экспарту Беларусі ідзе праз Расею — краіну, якая ўдзельнічае ў вайне і на якую накладзеныя беспрэцэдэнтныя санкцыі. З Расеі сышлі многія эўрапейскія і амэрыканскія кампаніі, што дазволіла беларускім вытворцам больш актыўна асвойваць расейскі рынак.
Аднак на фоне вайны і санкцыяў у РФ ува ўсе сфэры актыўна пайшлі кітайскія кампаніі, зь якімі беларусам даволі складана канкураваць — і цэнамі, і нярэдка якасьцю. Паводле афіцыйнага прагнозу ўраду Беларусі, драйвэрам эканомікі павінен стаць рост экспарту. Але праблемы ўжо ўзьнікаюць, бо і расейскія вытворцы падымаюць галаву на фоне палітыкі імпартазамяшчэньня, і ўплывае канкурэнцыя з боку Кітаю.
Гэта вельмі рызыкоўная сытуацыя — залежнасьць ад аднаго рынку. Асабліва ад такога рынку, як расейскі, міжнародныя санкцыі для якога могуць яшчэ больш узмацніцца.
— Тым часам ад суседзяў Беларусі гучаць заклікі ўзмацняць санкцыі і супраць Беларусі, паколькі, маўляў, празь беларускую мяжу ідуць падсанкцыйныя тавары. Ці можа імаверны новы віток санкцыяў істотна паўплываць на эканамічныя паказьнікі Беларусі?
— Калі казаць пра экспарт, то гандаль з Эўразьязам і так істотна зьменшыўся. Гэта адбываецца ў тым ліку і таму, што суседнія краіны — Літва і Польшча — закрываюць усё больш памежных пераходаў. Натуральна, гэта ня вельмі добрая сытуацыя, асабліва для памежных беларускіх раёнаў.
Што да магчымасьцяў абыходу санкцыяў, то кантроль за выкананьнем санкцыяў узмацняецца. Але на сёньня істотная пераарыентацыя беларускай эканомікі на Расею ўжо адбылася, таму наўрад ці новыя санкцыі будуць мець істотны нэгатыўны эфэкт.
Напрыклад, гучаць заклікі спыніць імпарт зь Беларусі і Расеі сельскагаспадарчай прадукцыі. Але ён ужо і цяпер вельмі нізкі. Забарона на такі імпарт радыкальна ня зьменіць сытуацыю. Магчыма, больш уплыву можа мець забарона імпарту з Эўразьвязу ў Беларусь, напрыклад, транспартных сродкаў — але, здаецца, такую магчымасьць ніхто не абмяркоўвае. Нават у такім тэарэтычным выпадку Беларусь проста пачне купляць больш кітайскай тэхнікі.