Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэты кірунак адзіна правільны для Беларусі». Што Ціханоўская і генэральны сакратар Рады Эўропы напісалі ў супольным артыкуле


Сьвятлана Ціханоўская і генэральны сакратар Рады Эўропы Марыя Пэйчынавіч-Бурыч у Страсбургу. Архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская і генэральны сакратар Рады Эўропы Марыя Пэйчынавіч-Бурыч у Страсбургу. Архіўнае фота

Для народу Беларусі «дарога ў Эўропу ідзе праз Страсбург», а Рада Эўропы — «ключ да дэмакратычнай будучыні краіны», гаворыцца ў сумесным артыкуле беларускага дэмакратычнага лідэра Сьвятланы Ціханоўскай і генэральнага сакратара РЭ Марыі Пэйчынавіч-Бурыч у сумесным артыкуле для Euronews.

На іхную думку, «Эўропа, разьвіваючыся, выходзіць за рамкі геаграфічных азначэньняў, увасабляючы супольнасьць, адданую правам чалавека, дэмакратыі і вяршэнству права».

«Каштоўнасьці, якія адстойвае Рада Эўропы, вядучая на нашым кантынэнце арганізацыя, якая выступае за правы чалавека, вяршэнства права і дэмакратыю, — гэта дакладна тое, за што сёньня адважна змагаюцца многія беларусы», — падкрэсьлілі аўтаркі артыкула.

Хоць Беларусь «ніколі не была дзяржаваю — сябрам РЭ, гэта не перашкодзіла Радзе Эўропы працаваць дзеля набліжэньня краіны да эўрапейскіх каштоўнасьцяў», — адзначылі палітыкі.

Яны нагадалі, што «афіцыйныя кантакты і супраца былі перарваныя пасьля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны».

«Замест гэтага Рада Эўропы стварыла ў 2022 годзе кантактную групу для супрацы з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі, — адзначана ў артыкуле. — Гэта наватарская ініцыятыва, распрацаваная пасьля спыненьня ўсіх кантактаў зь менскім рэжымам, якая цяпер служыць прыкладам для іншых арганізацыяў. Ніколі раней Рада Эўропы не ўзаемадзейнічала такім чынам з дэмакратычнымі сіламі краіны пры адсутнасьці сувязяў зь яе афіцыйным урадам».

«Гэты адважны крок падкрэсьлівае надзвычайнасьць часу, у які мы жывём, і крытычна важную ролю падтрымкі дэмакратычных памкненьняў Беларусі.

Для сьмелага народу Беларусі, які сутыкаецца з рэпрэсіямі, ведучы барацьбу за дэмакратычнае грамадзтва, значнасьць ролі і мэтаў Рады Эўропы нельга пераацаніць. Досьвед РЭ ў падтрыманьні і маніторынгу дэмакратычных пераўтварэньняў у эўрапейскіх краінах дае рамкі, якімі можа скарыстацца Беларусь», — падкрэсьлілі аўтаркі.

Акрамя таго, зазначаюць палітыкі, гэтая плятформа для дыялёгу дае беларусам «голас у шырэйшай эўрапейскай размове аб дэмакратыі і правах чалавека», а гэта «крытычна важна для людзей, якія доўгі час былі ў ізаляцыі празь дзеяньні цяперашняга рэжыму».

«Мы хочам бачыць, як зьнікаюць пабудаваныя рэжымам Лукашэнкі бар‘еры на шляху да дэмакратыі. Адсюль вынікае падтрымка грамадзянскай супольнасьці і незалежных мэдыя, у тым ліку журналістаў у выгнаньні, дапамога палітычным зьняволеным і іхным сем‘ям, а таксама забесьпячэньне экспэртных ведаў для рэфармаваньня праўнай і палітычнай сыстэмаў», — адзначаецца ў артыкуле.

Аўтары нагадалі, што плятформа бясьпекі журналістаў Рады Эўропы праз свае партнэрскія арганізацыі надалей сочыць за сытуацыяй у Беларусі. У гадавым дакладзе, апублікаваным у аўторак, пацьвярджаецца, што краіна «паставіла сумны рэкорд» колькасьці журналістаў у зьняволеньні (у канцы 2023 году іх было 38).

«Гледзячы наперад, мы павінны працаваць над прынцыпова важнымі рэформамі, у тым ліку скасаваньнем сьмяротнай кары, што будзе мець вырашальнае значэньне для Беларусі ў яе адпаведнасьці эўрапейскім стандартам і стане сымбалічным крокам да больш гуманнага і справядлівага грамадзтва», — лічаць Ціханоўская і Пэйчынавіч-Бурыч.

На іхную думку, распрацаваны нядаўна плян дзеяньняў кантактнай групы, які складаецца з 15 мэтавых кірункаў, — «гэта не абстрактныя амбіцыі, а неадкладныя крокі дзеля адчувальных вынікаў».

«Найлепшая будучыня для Беларусі — гэта сапраўды эўрапейская будучыня, якая характарызуецца адданасьцю каштоўнасьцям, вызначальным для нашага сучаснага кантынэнту, угрунтаваная на Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека, якая застаецца нашым залатым стандартам, — гаворыцца ў артыкуле. — Шлях да гэтай дэмакратычнай будучыні, інтэграванай у эўрапейскую супольнасьць і ў канчатковым выніку ў яе інстытуты, вымагае мужнасьці, трываласьці і міжнароднай салідарнасьці. Але гэты кірунак адзіна правільны для народу Беларусі. Беларускі народ заслугоўвае стабільнасьці, квітненьня і свабоды, да якіх вядзе гэты шлях».

Гэта чацьвёрты сумесны артыкул беларускага дэмакратычнага лідэра з эўрапейскімі палітыкамі. 14 лютага 2024 году быў апублікаваны артыкул Ціханоўскай і міністра замежных справаў Нямеччыны Анналены Бэрбак. 12 лістапада летась выйшла публікацыя, напісаная супольна з прэм’ер-міністрам Літвы Інгрыдай Шыманіце, 10 сьнежня — з прэзыдэнтам Эўрапейскага Парлямэнту Рабэртай Мэтсалай.

Што такое ПАРЭ і Рада Эўропы

  • Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — адзін з двух галоўных статутных органаў Рады Эўропы: кансультацыйны орган, які складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх дзяржаў-сяброў.
  • ПАРЭ — найстарэйшы ў Эўропе орган міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва, ён заснаваны 5 траўня 1949 году. Асамблея прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі на падставе дакладаў, якія рыхтуюцца дэпутатамі.
  • Місія Рады Эўропы — адстойваць правы чалавека і падзел галінаў уладаў, спыніць сьмяротнае пакараньне на ўсім кантынэнце.
  • Вярхоўны Савет Беларусі ў 1990-х гадах меў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году гэты статус быў страчаны.
  • Расея пасьля поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе сама выйшла з Рады Эўропы.

Што такое Кантактная група?

  • Кантактная група, створаная Радай Эўропы сумесна зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю, правяла першае пасяджэньне 7 лістапада 2022 году ў Страсбургу, у Палацы Эўропы.
  • Сябры Кантактнай групы прадстаўляюць дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасьць Беларусі, а таксама адпаведныя органы Рады Эўропы.
  • Кантактная група будзе займацца «распрацоўкай, арганізацыяй і кантролем праграмаў і праектаў на карысьць народу Беларусі».
  • Беларусь падала заяўку на ўступленьне ў Раду Эўропы ў 1993 годзе, аднак працэс быў прыпынены ў 1996 годзе, калі пры ўладзе ўжо быў Лукашэнка, а ў краіне душылі пратэсты.
  • Кантактную групу стварыў генэральны сакратар Рады Эўропы на падставе рашэньня Камітэту міністраў ад 7 верасьня. Раней у 2022 годзе Камітэт міністраў пастанавіў прыпыніць усе адносіны з рэжымам Лукашэнкі.
  • Мэта Кантактнае групы — забясьпечваць падтрымку і выкарыстоўваць досьвед арганізацыі для ўмацаваньня беларускага дэмакратычнага грамадзтва ў адпаведнасьці з асноўнымі каштоўнасьцямі Рады Эўропы, зь яе дзейнасьцю ў галіне правоў чалавека, вяршэнства права і дэмакратыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG