Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы на лячэньне беларускі Лізаветы пачалі вяртацца на карткі ахвярадаўцаў, адкрылі новы збор на пахаваньне

абноўлена

Мэмарыял у памяць беларускі Лізы ў Варшаве
Мэмарыял у памяць беларускі Лізы ў Варшаве

Дзяўчына памерла ў шпіталі, грошы пад кантроль узяла польская дзяржава, каб сума раптам не пайшла на іншыя мэты.

1 сакавіка памерла 25-гадовая беларуска Лізавета, якую згвалтавалі і душылі ў цэнтры Варшавы. Калі яна ляжала ў шпіталі, яе хлопец Даніла распачаў збор на рэабілітацыю і лячэньне дзяўчыны.

Удалося сабраць 551 тысячу злотых (амаль 410 тысяч беларускіх рублёў).

Дзяўчына памерла ў шпіталі, у якім прабыла амаль тыдзень пасьля нападу. Цяпер грошы сталі вяртацца на рахункі ахвярадаўцаў. Працэс зойме каля 7 дзён.

6 сакавіка ў польскай сталіцы адбудзецца марш памяці Лізы. Адбываюцца акцыі памяці пра ахвяраў гвалту, таксама ў сеціве людзі, пераважна жанчыны, сталі расказваць пра выпадкі гвалту над імі.

Цяпер у сеціве запусьцілі новы збор — грошы патрабуюцца на пахаваньне Лізы, а ахваряваныя сродкі на лячэньне нельга накіраваць на іншую мэту згодна з польскім заканадаўствам.

Што вядома пра пахаваньне Лізаветы

Як паведаміў Свабодзе хлопец Лізаветы ўкраінец Даніла, плятформа параіла адкрыць новы збор на пакрыцьцё кошту пахаваньня і далейшае юрыдычнае суправаджэньне.

Пахаваньне, паводле Данілы, плянуецца на гэтым ці наступным тыдні — гэта будзе зразумела, калі шпіталь аддасьць цела, што можа адбыцца 6 сакавіка. Пахаваюць дзяўчыну ў Варшаве. Цяпер Даніла шукае месца для пахаваньня.

Ён кажа, што бацька і маці Лізаветы не прыедуць на пахаваньне. Прыезд брата «пад пытаньнем», бо ён мяняе пашпарт і пакуль ня мае візы.

«Рахункі за лячэньне ня могуць быць выстаўленыя мне, сказаў мне лекар, бо мы з Лізай не былі крэўнымі сваякамі або сужэнцамі па дакумэнтах. Рахунак могуць выставіць толькі яе сваякам, калі яны прыедуць у Польшчу», — зазначыў Даніла.

Даніла запэўніў, што ані ён, ані блізкія Лізаветы не зьнялі з рахунку, на які пералічвалі сродкі падчас збору, ні граша.

Лізавета была ў Польшчы адна, безь сям’і.

«Пытаньне пахаваньня Лізы — цяпер мая адказнасць і задача, таму адкрыты гэты збор. Сабраныя сродкі будуць выкарыстаныя на пакрыцьцё выдаткаў на пахаваньне Лізы, юрыдычную дапамогу і падтрымку блізкіх у гэтай трагічнай сытуацыі. Я нават ня мог выказаць здагадку, колькі каштуе пахаваць чалавека ў Варшаве», — напісаў у аб’яве аб зборы Даніла.

Самае сьціплае пахаваньне, кажа ён, каштуе ад 10 тысяч злотых і больш. Пры гэтым месца на могілках будзе аплочана толькі на 20 гадоў. Калі купіць месца назаўсёды, то гэта каштуе ад 12 да 20 тысяч злотых. Пахаваньне ў Варшаве ў сярэднім каштуе каля 14-16 тысяч злотых, да гэтага трэба дадаць паслугі сьвятара (прыкладна 1300 злотых) і г. д., таксама важна аформіць магілу, паставіць помнік.

Ён дадаў: важна, каб злачынец атрымаў максымальнае пакараньне за тое, што ён забраў чужое жыцьцё. У сувязі з гэтым патрэбныя грошы для аплаты паслуг юрыста, які будзе абараняць інтарэсы Лізаветы ў крымінальным працэсе. У Варшаве гэта каштуе ад 20 тысяч злотых. Сродкі таксама спатрэбяцца пры падрыхтоўцы і легалізацыі дакумэнтаў як у Польшчы, так і ў Беларусі.

6 сакавіка ў Варшаве заплянаваны марш у памяць пра Лізавету. Даніла пакуль ня ведае, ці пасьпее ўзяць удзел у акцыі — пэўна, будзе займацца справамі пахаваньня.

«Апошнімі днямі мне цяжка спаць. Ды і ў цэлым жыць, таму буду глядзець на свой стан», — дадаў хлопец.

Паводле яго, яму дапамагае арганізацыя «Марцінка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG