Міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс заявіў, што выцек размовы высокапастаўленых вайскоўцаў Бундэсвэру — частка «інфармацыйнай вайны», якую вядзе прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Яго словы прыводзіць Die Welt.
«Гэта гібрыдная атака, накіраваная на дэзынфармацыю — яна накіравана на падзел, падрыў нашага адзінства. Адпаведна, мы павінны рэагаваць на гэта асабліва абачліва, але ня менш рашуча».
Запіс і расшыфроўку меркаванай размовы 1 сакавіка апублікавала галоўная рэдактарка пракрамлёўскага тэлеканалу RT Маргарыта Сіманьян. Яна сьцьвярджае, што размова адбылася 19 лютага паміж «начальнікам аддзелу апэрацыяў і вучэньняў камандаваньня ВПС», «інспэктарам BПC» і «супрацоўнікамі цэнтру паветраных апэрацыяў касьмічнага камандаваньня».
Згодна з апублікаванай Сіманьян расшыфроўкай, удзельнікі абмяркоўвалі тэхнічныя аспэкты паставак крылатых ракет Taurus, навучаньне ўкраінскіх пілётаў, а таксама магчымыя цэлі ракет. Пры гэтым суразмоўцы абмяркоўваюць толькі тэарэтычныя магчымасьці ўжываньня ракет Узброенымі сіламі Ўкраіны.
У Міністэрстве абароны Нямеччыны пацьвердзілі, што «мае месца выпадак праслухоўваньня», але пры гэтым адзначылі, што ня ведаюць дакладна, ці ўносіліся ў расшыфроўку зьмены. Размова адбылася не па абароненай лініі, а праз плятформу WebEx. Імаверна, у адзін з тэлефонаў, а менавіта вайскоўца, які знаходзіўся ў Сынгапуры, усталявалі праслухоўваньне.
DW піша, што пасьля зьяўленьня выцеку нямецкія палітыкі раскрытыкавалі фэдэральнага канцлера Оляфа Шольца. Кіраўнік зямельнай групы ХСС у бундэстагу Аляксандар Добрынт заклікаў Шольца даць тлумачэньні дэпутатам.
«Паведамленьні аб праслухоўваньні дзівяць зь дзьвюх прычынаў: з аднаго боку, расейцы, відавочна, праслухоўваюць перамовы, якія маюць дачыненьне да бясьпекі, а з другога — фэдэральны канцлер, магчыма, абгрунтоўвае сваю адмову ад пастаўкі Taurus ілжывымі аргумэнтамі», — сказаў ён.