Пастаўкі беларускіх тавараў у Кітай у 2023 годзе склалі $1,6 млрд, што на 20% больш, чым у 2022 годзе. Такія зьвесткі ў этэры тэлеканалу АНТ агучыў пасол Беларусі ў Кітаі Аляксандар Чарвякоў.
Беларускія вытворцы ў 2023 годзе пачалі пастаўляць у Кітай 134 новыя таварныя пазыцыі. Гэта розныя віды мінэральных угнаеньняў, а таксама хімічныя інгрэдыенты, прадукты харчаваньня і дрэваапрацоўкі.
Цяпер Беларусь прадае ў Кітай 332 таварныя пазыцыі, у тым ліку мясныя кансэрвы, марозіва, пшанічную муку, кармы для жывёлы, іншыя тавары. Аляксандар Чарвякоў адзначыў, што ўваход на кітайскі рынак складаны праз высокую канкурэнцыю і патрабаваньні кітайскіх пакупнікоў што да якасьці і цаны.
Дзеля папулярызацыі беларускіх брэндаў плянуюць адкрыць беларускі культурны цэнтар у Пэкіне. А летась у кітайскай сталіцы адкрылася рэстарацыя беларускай кухні.