Да яго ўдзельнікаў зьвярнулася дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.
«Я заўсёды буду бараніць інтарэсы беларускага народу і сумленнага беларускага бізнэсу, незалежна ад таго, дзе яны працуюць — у Беларусі ці за мяжой. Я ганаруся беларускім бізнэсам. І я зраблю ўсё магчымае, каб вы адчувалі гонар быць беларускімі бізнэсоўцамі па ўсім сьвеце», — заявіла Ціханоўская.
«Сёньня вы дапамагаеце адзін аднаму ў вырашэньні бягучых бізнэс-праблемаў, абароне сваіх інтарэсаў і правоў, а заўтра вы станеце ўдзельнікамі будучых палітычных і эканамічных рэформаў у Беларусі», — сказала дэмакратычная лідэрка Беларусі.
Паводле слоў Ціханоўскай, «расейскія інвэстары і іх давераныя асобы» сёньня ключавыя на беларускім рынку.
«Расея стала адзіным замежным крэдыторам для беларускага рэжыму. Але так быць не павінна. Не такой мы бачым будучыню Беларусі. Я і мая каманда, а таксама мільёны беларусаў поўныя рашучасьці зьмяніць гэтую рэальнасьць. У мяне ёсьць вельмі дакладнае бачаньне таго, што Беларусь будзе часткай глябальнай эканомікі, а не эканомікі Расеі», — сказала палітык.
Як адзначае Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA), «прадстаўнікі бізнэсу, топ-мэнэджары, палітыкі, фінансісты і актыўныя дзеячы беларускай дыяспары» абмяркоўваюць на форуме «запыты і патрэбы беларускага бізнэсу ў ЗША і пытаньні фармаваньня беларускай бізнэс-супольнасьці за мяжой».
На сустрэчу запрошаныя прадпрымальнікі зь беларускімі каранямі за мяжой, прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнэсу, а таксама буйныя бізнэсоўцы і інвэстары. Удзел бяруць беларусы ЗША, бізнэсоўцы з ЭЗ.
Мэтамі форуму заяўленыя «пашырэньне геаграфіі беларускіх бізнэсаў замежжа, абмен досьведам і стварэньне спрыяльных умоў для далейшага разьвіцьця эканамічнага сэктару Беларусі будучыні».
Заплянаваныя «бізнэс-панэлі зь міжнароднымі экспэртамі і прадстаўнікамі ўплывовых інстытуцый ЗША», а таксама «выступы сьпікераў, натхняльныя гісторыі посьпеху бізнэсоўцаў зь беларускімі каранямі; нэтворкінг».
Паведамляецца, што ў форуме «бярэ ўдзел больш за дваццаць сьпікераў з пасьпяховым досьведам у розных галінах разьвіцьця бізнэсу». На сустрэчы «будуць агучаныя пытаньні падтрымкі беларускіх бізнэсоўцаў замежжа з боку ЗША, будаваньня і разьвіцьця беларускай бізнэс-дыяспары».